Скардзіцца на смурод забаронена
З 12 чэрвеня дыспетчарская служба Завода беленай цэлюлозы каля Светлагорску не прымае тэлефанаванні ды скаргі жыхароў на пагаршэнне экалагічнай сітуацыі (смурод, выкіды ў раку і паветра) у выніку працы завода, паведамляе Гомельская вясна.
“Гэта ж ненармальная сітуацыя — сам дырэктар прадпрыемства беленай цэлюлозы казаў, што падчас пусканаладачных работ людзі могуць тэлефанаваць і паведамляць пра смурод ці іншыя выкіды, — абураецца сябра ініцыятыўнай групы па грамадскаму маніторынгу экалагічнасці завода Алена Маслюкова. — Гарадскія ўлады і завод занялі глухую абарону, трымаюцца адзін аднаго, закрыліся ад людзей. Куды б мы не скардзіліся, паўсюль адныя адпіскі. Па вялікаму рахунку, не было сэнсу скардзіцца і на прадпрыемства, але ж гэта была магчымасць для людзей спусціць пар, выказаць сваю занепакоенасць. Жыхары Светлагорска скардзяцца на смурод дагэтуль, у той час як кіраўніцтва прадпрыемства ўпарта цвердзіць, што ўсе гарэлкі працуюць, усе шкодныя выкіды спальваюцца. Нам смярдзіць, а ім не”.
Месяц таму працоўным Завода беленай цэлюлозы забаранілі рабіць фота – відэаздымкі на тэрыторыі прадпрыемства, цяпер — фактычная забарона на скаргі ў само прадпрыемства.
Нагадаем, напрыканцы 2017 года на Заводзе беленай цэлюлозы, які некалькі гадоў будавалі кітайцы, распачаліся пусканаладачныя работы. З гэтага часу людзі скардзяцца на пагаршэнне экалагічнай сітуацыі ў Светлагорску і раёне ў сувязі з дзейнасцю прадпрыемства і, адпаведна, пагаршэнне здароўя (галаўны боль, крывяцячэнне з носу, пяршэнне ў горле, ванітаванне, спазмы ў страўніку і т.д.)
Экалагічныя актывісты гораду актыўна змагаюцца супраць шкодных выкідаў з прадпрыемства: звяртаюцца са скаргамі ў кантралюючыя працу прадпрыемства органы, манітораць стан навакольнага асяроддзя, звяртаюцца ў суд. Былі позвы ў Светлагорскі раённы суд аб спагнанні матэрыяльнай і маральнай шкоды з завода, а таксама актывісты праз суд спрабуюць (пакуль безвынікова) атрымаць поўную экалагічную інфармацыю што да працы прадпрыемства ад канцэрна “Беллесбумпром”, завода “ЦКК”, Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя. Надалей, экалагічныя актывісты маюць намер звяртацца са скаргамі ў міжнародныя ўстановы, бо ўжо вычарпалі ўсе сродкі ўнутранай абароны ад шкодных выкідаў завода беленай цэлюлозы.
Ларыса Шчыракова, фота аўтара