У Горадні ўлады дазволілі святкаванне Дня Волі

Будуць мітынг, канцэрт і дзіцячыя пляцоўкі. Святкаванне 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі адбудзецца ў суботу 23 сакавіка ў Каложскім парку, піша Радыё Свабода.

Фота: Hrodna.life

Фота: Hrodna.life

Праграма разлічаная з 13:00 да 17:00. Цяпер арганізатары дапрацоўваюць спіс выступоўцаў. Днямі стане вядомая дакладная праграма святкавання.
«У нас вялікі фармат святкавання: фуд-корты, фотазоны, дзіцячыя пляцоўкі, канцэрт, выступы. Усё ў поўным аб’ёме. Дазволеная сімволіка, датычная падзеі, і ўсякая зарэгістраваная», — адзначыў адзін з арганізатараў Вадзім Саранчукоў.
Пачынаецца збор сродкаў на мітынг і канцэрт у Горадні. Як можна ахвяраваць грошы, стане вядома 19 сакавіка.
Улады далі адказ на чарговую заяўку пяці гарадзенскіх актывістаў у апошні магчымы паводле заканадаўства дзень, 18 сакавіка. Каложскі парк нешматлюдны і аддалены ад цэнтру. Першую заяўку, каб адзначыць Дзень Волі ў парку Жылібера ў цэнтры горада, Гарадзенскі гарвыканкам не задаволіў.
Сёлета гарадзенцам трэці раз запар далі дазвол святкаваць угодкі абвяшчэння БНР.
Радыё Свабода