Ад Чылі да Новай Зеландыі: у «Вольным забегу» возьмуць удзел беларусы з 14 краінаў
Беларусы свету збіраюцца адзначыць Дзень Волі забегам з нацыянальнай сімволікай. Да акцыі далучацца беларусы 14 краінаў.
«Вольны забег» – гэта акцыя, што аб'ядноўвае беларусаў свету з нагоды святкавання БНР. Сёлета арганізатары спадзяюцца, што агульная дыстанцыя, якую прабягуць удзельнікі, перавысіць 1000 км.
«Кожны чалавек і кожныя сто метраў істотныя. Да забегу можна далучацца па адным, а можна запрашаць сяброў, як мы робім тут у бразільскім Саўвадоры, – гаворыць адна з арганізатарак «Вольнага забегу» Вольга Ермалаева Франко. – Бо нашыя небеларускія сябры таксама разумеюць істотнасць Дня Волі, гэтай задумы і нас падтрымліваюць. Такія каштоўнасці, як свабода, не абмежаваныя нацыянальнасцю».
Па стане на 19 сакавіка на забег зарэгістраваліся беларусы з 14 краінаў: Беларусі, ЗША, Францыі, Нарвегіі, Швейцарыі, Новай Зеландыі, Польшчы, Іспаніі, Чылі, Украіны, Вялікай Брытаніі, Бразіліі, Нямеччыны і Літвы.
«Можна сказаць, што гэта пакуль толькі пачатак: мы чакаем, што бліжэй да даты забегу – 24 сакавіка – мы атрымаем яшчэ больш заявак», – гаворыць адзін з арганізатараў мерапрыемства Зміцер Ягораў.
Каб узяць удзел у «Вольным забегу», трэба зарэгістравацца на сайце runbnr.org, прабегчы «вольную дыстанцыю», да падзяліцца ў сацыяльных сетках фотаздымкам з забегу – з бел-чырвона-белым сцягам, або гербам Пагоня і хэштэгам #belarus101run.
Асноўным днём забегу вызначаная нядзеля, 24 сакавіка – чакаецца, што менавіта ў гэты дзень у забегу возьме ўдзел большасць бегуноў. 25 сакавіка будуць падведзеныя вынікі і апублікаваная інфармацыя пра геаграфію і пераадоленую дыстанцыю.
Першы «Вольны забег» адбыўся ў 2018 годзе. Ён абʼяднаў 104 удзельнікі з 16 краінаў. Агулам удзельнікі забегу прабеглі 669 км.