Затрыманая на Дзень Волі назіральніца дамагаецца пакарання для міліцыянтаў
Валанцёрка-назіральніца ад РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Таццяна Мастыкіна працягвае дамагацца прыцягнення да адказнасці супрацоўнікаў Савецкага РУУС, якія падвергнулі яе жорсткаму абыходжанню.
![masty.gif masty.gif](/img/v1/images/masty.gif?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
25 сакавіка 2018 года пяць супрацоўнікаў міліцыі скруцілі дзяўчыну, з ужываннем грубай сілы адкаталі пальчыкі і трымаючы за валасы — сфатаграфавалі.
Нагадаем, на леташні Дзень Волі Таццяну і пяць іншых валанцёраў-назіральнікаў затрымалі «людзі ў цывільным» падчас несанкцыянаванай акцыі на мінскай плошчы Якуба Коласа. Усе яны мелі адпаведныя камізэлькі з надпісам "ControlBY" і "Назіральнік", а таксама бэйджы. Усіх іх, разам з іншымі затрыманымі, загрузілі ў аўтазак і адвезлі ў Савецкі РУУС Мінску для складання пратаколаў адміністратыўнага правапарушэння за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Таццяна перажыла ў міліцэйскім участку шматгадзінныя расцяжкі каля сцяны, прымусовыя дактыласкапію і фатаграфаванне.
Таццяну спрабавалі прыцягнуць да адказнасці за «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў» (арт. 23.4 КаАП) і «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (арт. 23.34 КаАП). Аднак суд Першамайскага раёна г. Мінска вярнуў матэрыялы справы ў Савецкі РУУС.
Валанцёрка ўжо звярталася са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў Следчы камітэт. Але безвынікова. На гэты раз яна звярталася з скаргай у РУУС Савецкага раёна г. Мінска. Але і тут яна атрымала адмову.
Перад Днём Волі Таццяна Мастыкіна атрымала адказ з РУУС Савецкага раёна за подпісам выконваючага абавязкі начальніка ўпраўлення В. Станіслаўчык. Ёй паведамілі, што праверка праведзена, але «аб'ектыўных дадзеных, якія паказваюць на парушэнне супрацоўнікамі УУС адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска, — не выяўлена».