У Інтэрнэце збіраюць подпісы за адстаўку кіраўніка МУС

Падпісанты звароту лічаць, што цяперашняе кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў не ў стане кантраляваць сваіх супрацоўнікаў, якія фактычна штотыдзень становяцца фігурантамі рэзанансных скандалаў.

Ігар Шуневіч. Здымак БЕЛТА

Ігар Шуневіч. Здымак БЕЛТА


У сваім звароце аўтары петыцыі апісваюць больш за 10 гісторый, якія адбыліся ў 2016 годзе і ў якіх міліцыянты спрычыніліся да смерці, калецтва ці абразы грамадзян.
«Мы патрабуем:
— неадкладна навесці парадак у органах унутраных спраў, правесці праверку ўсіх супрацоўнікаў на адпаведнасць сваім пасадам,  абавязкова праверыць псіхічнае здароўе супрацоўнікаў МУС, правесці праверку на дэтэктары ілжы ўсіх  без выключэння супрацоўнікаў РАУСаў,  АМАП, ДВП  на дачыненне да  злачынстваў супраць грамадзян Рэспублікі Беларусь і  прыцягнуць да адказнасці тых, якія маюць дачыненне да гібелі, збіцця, знявагі  людзей
— навесці парадак у турмах, спыніць здзекі з арыштаваных, асуджаных
— звольніць з пасады кіраўніка МУС  па грамадскай бяспецы, кіраўніка  ГУУС Мінгарвыканкама, яго намесніка па грамадскай  бяспецы, начальніка мінскага АМАПа, начальніка ДВП, якія не выконваюць свае абавязкі
 — выключыць з функцый так званых «атрадаў міліцыі адмысловага прызначэння» (АМАП)  функцыі забеспячэння правапарадку, у тым ліку на масавых акцыях і мерапрыемствах, прыбраць АМАП з нашых мірных вуліц, ці ўвогуле скасаваць АМАП. У нас дастаткова супрацоўнікаў міліцыі для прафесійнага забеспячэння правапарадку
— стварыць пры МУС Грамадскі Савет (Камітэт), куды б нароўні з прадстаўнікамі МУС увайшлі б прадстаўнікі беларускага грамадства, праваабаронцы, для разгляду ўсіх канфліктаў, фігурантамі якіх з'яўляюцца супрацоўнікі МУС
— як мага хутчэй правесці рэформу органаў унутраных спраў з шырокім абмеркаваннем у  СМІ», — гаворыцца ў петыцыі.
Акрамя таго, аўтары звароту прапануюць міністру ўнутраных справаў І. Шуневічу падаць у адстаўку, калі ён не можа арганізаваць годную працу свайго ведамства.
Падпісацца пад зваротам можна тут. На дадзены момант пад петыцыяй падпісалася 78 чалавек, яшчэ больш за 30 чалавек паставілі подпіс пад друкаванай версіяй зварота падчас Форума па пытанні палітзняволеных.