Жанчына, якая абылгала Тамару Сяргей, можа патрапіць пад пераслед
Не выключаны крымінальны пераслед грамадзянкі Тарасавай, якая ўзвяла паклёп на праваабаронцу Тамару Сяргей.
![Тамара Сяргей (у цэнтры) сярод актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры Тамара Сяргей (у цэнтры) сярод актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры](/img/v1/userfiles/images/zanczyny_pravakacyja_1111_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тамара Сяргей (у цэнтры) сярод актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры
Нагадаем, што 6 лістапада 2015 года — у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі — Тамара Сяргей была затрыманая на чыгуначным вакзале Мінска падчас сустрэчы з актывістамі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры, каб разам паехаць да Палаца незалежнасці, дзе павінна была адбыцца цырымонія інаўгурацыі.
Супрацоўнік Мінскага аддзела ўнутраных справаў на транспарце, падпалкоўнік Сяргей Гаркавы ў прысутнасці старшага прапаршчыка Сяргея Махнача затрымаў юрыстку па абвінавачванні грамадзянкі Тарасавай у тым, што Тамара Сяргей адкрыта скрала ў гэтай жанчыны 300 долараў ЗША.
Больш за год юрыстка дамагаецца пакарання Сяргея Гаркавага і Сяргея Махнача, а таксама крымінальнага пераследу грамадзянкі Тарасавай, дзеянні якіх Тамара Сяргей лічыць правакацыйнымі.
Так, у сваёй заяве ў Міністэрства ўнутраных справаў аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць грамадзянкі Тарасавай праваабаронца падкрэсліла, што на яе быў узведзены паклёп у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, за якое арт. 206 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжана пакаранне да 13 гадоў зняволення.
![Тамара Сяргей (у цэнтры) сярод актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры Тамара Сяргей (у цэнтры) сярод актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры](/img/v1/userfiles/images/zanczyny_pravakacyja_11_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тамара Сяргей (у цэнтры) сярод актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры
Згодна пастанове Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Мінгарвыканкаму, зацверджанай начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі, палкоўнікам міліцыі Іванам Кубраковым, грамадзянка Тарасава пасля таго, як дала тлумачэнні, была адпушчаная з міліцэйскага пастарунку і, “згодна даведцы адрасна-даведачнага бюро, у Рэспубліцы Беларусь не значыцца”. З гэтых абставінаў Тамары Сяргей было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць грамадзянкі Тарасавай.
У сваёй скарзе на імя пракурора сталіцы юрыстка ўзгадала, што яе затрымалі, абшукалі і агледзелі рэчы па заяве нявызначанай асобы. “Усё гэта сведчыць пра парушэнні заканадаўства Беларусі. І за гэтыя дзеянні супрацоўнікі міліцыі і грамадзянка Тарасава павінны несці адказнасць. Таму што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму грамадзяніну недатыкальнасць асобы”, — падкрэсліла Тамара Сяргей.
У адказ на яе скаргу пракуратура горада Мінска адмяніла пастанову Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Мінгарвыканкама “з-за непаўнаты праведзенай праверкі і неабходнасці даследавання доказаў”.