У Курапатах паламаныя крыжы

Толькі ля Галгофы актывісты налічылі 14 паламаных і паваленых крыжоў.

Фота з фэйсбука Паўла Севярынца

Фота з фэйсбука Паўла Севярынца

Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якая сёння нясе варту ў Курапатах, Павел Севярынец.
«Сябры, увага! У Курапатах валяць крыжы. Невядома, хто і як — мы налічылі 14 паламаных і паваленых толькі ля Галгофы», — напісаў ён на сваёй старонцы.
Ёсць меркаванне, што крыжы спарахнелі і іх паваліў вецер, але Севярынец сцвярджае, што крыжы з металічнымі элементамі вецер зламаць не змог бы.
«Гэта падобна на спробную правакацыю. Паваленыя ў двух раёнах. За крыжам Ластоўскага і па дарозе ў Бульбашхол — 6 і 8», — адзначыў палітык.
Ён распавёў «Новаму Часу», што ў Курапатах пастаянна ладзіць патрулі КХП БНФ, цяпер актывісты Курапацкай варты абмяркоўваюць магчымасць узмацнення аховы мемарыялу.
На думку палітыка, зламаныя крыжы і разбітая «лава Клінтана» — справа рук адных і тых жа людзей.
«Я думаю, што гэта «рускі свет» ці нават людзі, звязаныя са спецслужбамі, а не шараговыя хуліганы», — заключыў Павел Севярынец.

Фота з фэйсбука Паўла Севярынца

Нагадаем, апошнім часам у Народным мемарыяле сталі выяўляцца выпадкі вандалізму. У снежні мінулага года невядомыя надрапалі на нядаўна ўсталяваным дзяржаўным помніку шасціканцовыя зоркі Давіда. Тады ж адбылася спроба вандала разбіць кувалдай «лаву Клінтана». Ужо сёлета ў лютым яе ўсё ж разламалі.