СК праводзіць праверку па факце вандалізму ў Курапатах
Следчы камітэт праводзіць праверку па факце вандалізму ў Курапатах, дзе 1 лютага невядомыя зноў разбілі «лаву Клінтана».
«Па гэтым факце праводзяцца праверачныя мерапрыемствы. Паводле вынікаў праверкі будзе прынятае працэсуальнае рашэнне», — паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.
«Лава Клінтана» — гранітная пліта з надпісам «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці» — была ўстаноўленая ў студзені 1994 года падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта Злучаных Штатаў Біла Клінтана. Лава неаднаразова зведвала атакі вандалаў. У прыватнасці, яна была разбітая летам 2001 года, адрэстаўраваная і зноў усталяваная 15 студзеня 2002-га паслом ЗША ў Беларусі Майклам Козакам.
Скульптар Алесь Шатэрнік, які займаўся рэстаўрацыяй знака, размясціў на месцы расколу гарызантальнай гранітнай пліты металічны вянок, што сімвалізуе пакаянне беларусаў, якія не здолелі зберагчы помнік ад апаганення. У лістападзе 2005 года лава была перавернутая і ўтаптаная ў зямлю, а ў лістападзе 2012-га яе размалявалі фарбай і размясцілі надпіс „АЧМ” („Авангард чырвонай моладзі” — бальшавіцкая арганізацыя ў краінах былога СССР і замежжа). Ні ў адным з выпадкаў вандалы не былі ўстаноўленыя.
Паводле racyja.com