У Курапатах прайшло крыжовае шэсце
Удзельнікі крыжовага шэсця спусціліся з цэнтральнага пагорка ў Курапатах, так званай Галгофы, да ўваходу на тэрыторыю народнага мэмарыялу, а затым зноў падняліся на Галгофу, паведамляе Радыё Свабода. Малітву прачытаў святар некананічнай Беларускай аўтакефальнай царквы Леанід Акаловіч. Удзельнікі набажэнства спявалі песні, у тым ліку гімн «Магутны Божа».
У крыжовым шэсьці ўдзельнічалі палітыкі Павел Севярынец, Алесь Чахольскі, актывісты Ганна Шапуцька, Ніна Багінская, Валерый Рабцаў і іншыя.
За падзеямі назіралі два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.
Малітвы ў абарону Курапатаў рэгулярна праводзяцца ва ўрочышчы пасля таго, як 4 красавіка тут паводле рашэння ўладаў былі знесеныя і вывезеныя ў невядомым накірунку 70 шасцімэтровых крыжоў. Гэтыя дзеянні выклікалі нэгатыўны рэзананс у грамадcтве. Знос крыжоў асудзілі прадстаўнікі розных канфэсій.
Ад 4 да 7 красавіка пры розных абставінах, так або інакш звязаных з Курапатамі, было затрымана каля 20 чалавек, частку з іх судзілі, пакараўшы адміністратыўнымі арыштамі і буйнымі штрафамі. 10 красавіка абаронцы Курапатаў перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта адкрыты зварот на імя Лукашэнкі з заклікам вярнуць на месца дэмантаваныя крыжы.
Аднак 13 красавіка былі знесеныя новыя крыжы — гэтым разам 24 мэталічныя, усталяваныя ў 2017 годзе на грошы грамадскасці. Вакол урочышча быў усталяваны плот з уваходнымі аркамі.
20 красавіка Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, заявіў, што не варта перабольшваць палітызацыю адпаведнай тэматыкі. Гаворачы аб «навядзенні у Курапатах парадку», ён адзначыў: «Якія да мяне прэтэнзіі? Мяне папрасілі, запатрабавалі, мяне папракалі пастаянна, чаму там няма парадку. Але і на „Вялікай размове“ я сказаў: „Добра, калі на тое пайшло, трэба прэзідэнту і тут парадак навесьці, я паспрабую“».
svaboda.org