У Маладзечне пікетавалі райвыканкам (фота)
12 мая ў Маладзечне прайшоў пікет супраць будаўніцтва свінакомплексаў ля вёскі Соўлава і ў раёне Палачан. Удзел у мерапрыемстве ўзялі актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратый, руху «Экалагічны Пошуг», грамадскай ініцыятывы «Кошт жыцця», БСДП (Грамада).

Удзельнікі акцыі трымалі расцяжкі і плакаты з надпісамі: “Будуючы свінарнік, капаеце сабе магілу”, “Не — будаўніцтву свінарніка!”, “Хто адкажа за знішчаную экалогію?”, “Свінні важней за людзей?”, “не — свінству ўладаў!”.
Актывісты патрабавалі неадкладна спыніць будаўніцтва свінакомплекса ля вёскі Соўлава і паўторна правесці грамадскія слуханні па свінакомплексах ля Соўлава і Палачан, якія прайшлі з сур’ёзнымі парушэннямі і на фоне шматлікіх пратэстаў жыхароў рэгіёна.
Заяўку на пікет падалі 26 красавіка прадстаўнікі аргкамітэта БХД, але ў правядзенні мерапрыемства было адмоўлена.
Кіраўніцтва Маладзечанскага раёна не палічылі патрэбным выходзіць да пікетоўцаў і адказаць на хвалюючыя людзей пытанні.
Нагадаем, 9 сакавіка, Маладзечанскі райвыканкам прыняў рашэнне № 173 аб дазволе будаўніцтва свінакомплекса, нягледзячы на тое, што грамадскія абмеркаванні па гэтым пытанні павінны былі доўжыцца да 26 сакавіка. Такім чынам, выканкам парушыў не толькі беларускае, але і міжнароднае заканадаўства, якое тычыцца ўдзелу грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў па пытаннях навакольнага асяроддзя (Орхуская канвенцыя).
“Іх (уладаў. — рэд.) нахабству дзіву даешся. Стаўленне да людзей горшае, чым да свіней. Вырашылі зэканоміць на беларусах — будаваць свінакомплексы па тэхналогіях, ад якіх у Еўропе даўно адмовіліся, “накарміць” беларусаў салам… А чым дыхаць, якую ваду людзі будуць піць ля тых свінакомплексаў, якая там будзе глеба праз некалькі год — ім усё роўна. Людзі супраць такіх вялікіх і неэкалагічных свінакомплексаў. Нас пазбавілі магчымасці прымаць рашэнні, якія непасрэдна тычацца нашага жыцця. Не толькі ў экалагічных пытаннях — мы цяпер не вырашаем, калі выходзіць на пенсію, ці займацца прадпрымальніцтвам, нават уладу сабе не выбіраем. Жывем нібыта для чыноўнікаў і праўладных бізнесоўцаў. Забралі ўсё”, — адзначыў каардынатар БХД па Мінскай вобласці Павел Пракаповіч.
На старшыню Барысаўскай арганізацыі БСДП (Грамада) Алеся Абрамовіча і каардынатара БХД Паўла Пракаповіча складзены адміністратыўныя пратаколы за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.






