У Мінску за паўгода з арэндных кватэраў выселілі 34 даўжнікоў
У Мінску за паўгода з арэндных кватэраў выселілі 34 даўжнікоў разам з сем'ямі, паведамляе Еўрарадыё.

Прычына — завінавачанасці за камуналку. Як паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на ДА "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка", пераважная колькасць выселеных — гэта людзі, якія жылі ў непрыватызаваных кватэрах. З 1 ліпеня 2016 года такое жыллё перайшло ў шэраг арэнднага.
Усяго ў Мінску такім чынам з'явілася болей за 6000 арэндных кватэраў, дзе трэба плаціць не толькі камуналку, але і за карыстанне памяшканнем. Калі цягам двух месяцаў наймальнікі не плацяць за кватэру без уважлівых прычынаў, іх могуць выселіць.
Ад пачатку года ЖРЭА раёнаў падалі ў суд 167 пазоваў на высяленне даўжнікоў, 42 пазовы задаволеныя. Станам на 20 ліпеня 34 сям'і або наймальнікі-адзіночкі былі выселеныя. Астатнія 125 пазоўныя заявы адхіленыя або знаходзяцца на разглядзе. Летась у суд накіравалі 306 пазоваў на высяленне і 57 з іх задаволілі.
Нават пазбавіўшыся жылля, былы наймальнік застаецца вінаватым дзяржаве і павінен пагасіць завінавачанасць за кватэру. Аднак пераважная большасць высяленцаў вядзе асацыяльны лад жыцця, таму спагнаць з іх грошы праблематычна.