У Століне аштрафавалі актывіста, бацькам якога пагражалі звальненнем

Працэс над Сяргеем Неўдахам за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыяй з Расіяй пераносілі тройчы. Нарэшце 28 студзеня суддзя столінскага суда Жанна Стаднік пакарала актывіста штрафам у 30 базавых велічынь.

Сяргей Неўдах, фота са старонкі dissident.by

Сяргей Неўдах, фота са старонкі dissident.by

«Насамрэч я не здзіўлены, мяне, праўда, асудзілі з трэцяга разу. Бо да гэтага мяне прыводзілі ў суд 17 і 20 студзеня — усё ніяк не маглі зразумець, што са мной рабіць. Потым суд перанеслі на 28 студзеня, і ўчора атрымаў 30 базавых, рыхтаваўся да сутак, шчыра кажучы», — пракаментаваў «Новаму Часу» прысуд Сяргей Неўдах.
Па яго словах, пасяджэнне доўжылася не больш за 15 хвілін, «сведкі» — мінскія міліцыянты — былі на службе і на працэс не прыехалі. Але суд палічыў гэта паважлівай прычынай. Сяргей Неўдах кажа, што для прыняцца рашэння суддзя нават не выйшла ў дарадчы пакой.
«На судзе я сказаў, што лічу складзены пратакол ціскам і пераследам актывістаў. А далей увогуле адмовіўся даваць паказанні, паколькі не бачу ў гэтым сэнсу. З пастановай суда, як і з самім пратаколам, я не згодны, паколькі гэта прамое парушэнне маіх правоў і свабод».
Актывіст мае намер абскардзіць прысуд.
Нагадаем, на Сяргея Неўдаха склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, паводле якога хлопец 20 снежня ў 18.30 на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску прыняў актыўны ўдзел у мітынгу, на правядзенне якога адсутнічае дазвол Мінгарвыканкама. Паведамлялася, што актывіст выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!» і на неаднаразовыя папярэджанні супрацоўніка міліцыі не рэагаваў, чым парушыў заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.
Копію пратакола малады чалавек атрымаў у аддзяленні міліцыі ў Століне пасля таго, як мясцовы ўчастковы тэлефанаваў і прыходзіў дадому да яго бацькоў і пагражаў ім звальненнем з працы.