«Калі вы не з'явіцеся, мы вас пакараем»

За ўдзел у акцыі за незалежнасць міліцыя цісне на столінскага актывіста і яго бацькоў.

Сяргей Неўдах, фота са старонкі dissident.by

Сяргей Неўдах, фота са старонкі dissident.by

Як паведамляе фэйсбук-суполка dissident.by, бацькам актывіста са Століна Сяргея Неўдаха тыдзень таму пачалі паступаць пагрозы з боку супрацоўнікаў МУС. Участковы Каральчук пагражаў ім звальненнем, распавядаў, што іх сын звязаўся «не з той кампаніяй», «магчыма ўступіў у БНФ ці іншую апазіцыю, выступае супраць улады, а ў нас жа ведаеце, што робяць з тымі, хто выступае супраць улады?»
Учора міліцыянт двойчы наведаў дом актывіста, наўпрост пагражаючы маці хлопца, што прыйдзе да яе на працу і яе звольняць.
— Ён прыходзіў дамоў і казаў, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, што я звязаўся не з той кампаніяй, былі пагрозы, што звольняць бацькоў, — пацвердзіў «Новаму Часу» сам Сяргей Неўдах.
Пагрозамі дабіўшыся ад бацькоў нумар маладога чалавека, Каральчук запатрабаваў, каб той з’явіўся падпісаць дакументы ў мясцовае аддзяленне міліцыі, бо «раней асудзяць — табе ж лепш».
Прыйшоўшы сёння ў міліцыю, Сяргей падпісаў складзены на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. У пратаколе напісана, што хлопец 20 снежня ў 18.30 на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску прыняў актыўны ўдзел у мітынгу, на правядзенне якога адсутнічае дазвол Мінгарвыканкама. Паводле пратаколу, маладзён выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!» і на неаднаразовыя папярэджанні супрацоўніка міліцыі не рэагаваў, чым парушыў заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.
Адразу з міліцыі Сяргея Неўдаха павезлі ў столінскі суд. Але там судзіць яго не сталі, вырашыўшы адкласці працэс на 10 раніцы панядзелка, 20 студзеня. Адтуль міліцыянт Каральчук Мікалай Леанідавіч павёз хлопца ў РУУС, каб выпісаць позву ў суд, паколькі ў самім судзе яны скончыліся.
Актывіст вёў прамую трансляцыю. На відэа ён спытаў міліцыянта, ці не сорамна яму займацца такімі справамі.
«Я чалавек маленькі, мне прыйшоў дакумент — я выконваю», — патлумачыў той.
У міліцыі Сяргею выдалі позву, паводле якой ён павінен 20 студзеня ў 9 раніцы з'явіцца ў РУУС.
«Калі вы не з'явіцеся, мы вас пакараем», — сказаў на развітанне міліцыянт.