«Актывізму без рэпрэсій не бывае»

Анастасіі Кухта — 27 гадоў. Яркая дзяўчына з татуіроўкамі не надта адрозніваецца ад маладзёнаў, што ходзяць па вуліцах Мінска. У падлеткавым узросце яна патрапіла ў — як кажуць — «кепскую кампанію», якая сфарміравала яе погляды і каштоўнасці. Дзяўчыну неаднаразова судзілі, двойчы яна бывала на сутках. Яна — анархістка.

anastasia_01.jpg

Цяпер Анастасія працуе ў салоне прыгажосці і малюе. Выхоўвае хатніх гадаванцаў і займаецца самаадукацыяй. Аднак так і засталася ў «кепскай кампаніі». Мы спыталі ў дзяўчыны, як яна патрапіла ў адну з самых крыміналізаваных дзяржавай груп насельніцтва.

— Мой прыход у анархісцкі рух адбываўся прыкладна ў 2008–2009 гадах. Я спачатку пазнаёмілася з панк-хардкор культурай, трапіла ў субкультурнае асяроддзе, дзе пазнаёмілася з рознымі цікавымі людзьмі. Хадзіла на канцэрты, зацікавілася антыфашызмам, патрапіла да футбольных фанатаў, а далей я стала знаёміцца з анархісцкай ідэалогіяй. Потым на маім жыццёвым шляху патрапіліся юнакі-анархісты, і дзякуючы ім я пазнаёмілася з анархізмам яшчэ бліжэй, пачала чытаць літаратуру — і зразумела, што мне гэта вельмі блізка.

У анархісцкай супольнасці кожны чалавек мае сваю вагу, мае голас, а ўсе рашэнні прымаюцца калектыўна. І мяне вельмі прывабіла тое, што ўнутры нашага руху вялізарная ўвага надаецца такім рэчам, як узаемадапамога, салідарнасць, павага адзін да аднаго. Тут людзі, якія здольныя ахвяраваць сабой дзеля іншых і дзеля пастаўленай мэты, цэняць свабоду і камфорт адзін аднаго. А ў іерархічных сістэмах такога няма: той, хто мае ўладу, — ён і мае ўсё, а астатнія мусяць маўчаць.

Мяне абурае тое, як у грамадстве размяркоўваюцца рэсурсы. Чыноўнікі і іншыя людзі ва ўладзе маюць больш матэрыяльных дабротаў, чым іншыя, хаця іншыя прыкладаюць больш высілкаў, каб атрымаць гэты свой мізер. Многія людзі фактычна жабруюць.

Мне падаецца, амаль кожны беларус сутыкаўся і з міліцэйскім сваволлем. Ледзь не штодзень у СМІ з'яўляюцца навіны аб гвалтоўных дзеяннях міліцыянтаў. І я ўпэўненая, што толькі невялікая частка інфармацыі даходзіць да публікацыі.

Ну і, канешне, судовая сістэма: калі справа палітычная, альбо ў ёй замяшаныя чыноўнікі ці міліцыянты, то чакаць апраўдання альбо спадзявацца, што праўда пераможа, не даводзіцца. Не магу згадаць ніводнага выпадку, калі б быў вынесены апраўдальны прысуд па палітычнай справе.

— Цябе таксама затрымлівалі?

— Так, 25 сакавіка 2017-га. Тады быў Дзень Волі. А яшчэ акцыі пратэсту з нагоды дэкрэту №3. І я хацела прыняць удзел у іх. Тады я ішла ў калоне анархістаў, і нас затрымалі на падыходзе да той кропкі, дзе мела адбыцца акцыя. Яшчэ добра памятаю час напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі. Тады ўсіх актывістаў проста выкрадалі. Гэта менавіта выкраданне, бо ні твае блізкія, ні родныя некаторы час не могуць цябе знайсці — і ніхто не ведае, дзе ты.

Табе проста заломваць рукі, засоўваюць у аўтамабіль, а потым цябе знаходзяць у ЦІП, пакаранага за тое, што ты нібыта «лаяўся матам».

Тое, што цяпер адбываецца на дзяржаўным узроўні, — несправядліва.

— Анархісты любяць казаць пра рэвалюцыі. Але людзі баяцца рэвалюцый…

— Людзей палохаюць перамены. І СМІ пужаюць людзей пераменамі. Зразумела, што ні сёння, ні заўтра, ні, хутчэй за ўсё, праз год, не будзе ніякай рэвалюцыі. Грамадства мусіць быць гатовае для гэтага, бо рэвалюцыю робіць народ. А наша задача — рыхтаваць людзей да пераменаў, ісці ўразрэз з дзяржавай, якая кажа, што гэта дрэнна. Выхад з зоны камфорту дае вялікія перавагі і асобе, і грамадству. Наша задача — адукоўваць людзей і рыхтаваць іх да пераменаў. Быць у руху і быць рухавіком, які наблізіць нас да свабоднага грамадства.

anastasia_02.jpg


— Тваё атачэнне — са звычайных людзей, не палітызаваных. Што яны думаюць пра анархістаў?

— Рознае думаюць. Хтосьці асуджае, хтосьці вельмі пазітыўна настроены. Некаторымі кіруе страх — яны не хочуць мець нічога агульнага ні з анархістамі, ні з палітыкай увогуле, бо баяцца, што іх будуць пераследаваць. Прыклад таму — мае бацькі, якія пастаянна за мяне перажываюць, калі я кудысьці іду. Бо яны ведаюць, што анархістаў прасуюць, даюць суткі, штрафы і гэтак далей. Датычна «абывацеляў» — у большасці, яны, думаю, усё ж рэагуюць станоўча. Зразумела, што яны мяркуюць аб анархістах са сродкаў масавай інфармацыі. Тая карцінка, якая сфарміраваная СМІ, дае не вельмі пазітыўнае ўражанне, нехта думае, што гэта нейкая субкультурная моладзь, якая проста гуляецца, — толькі дай падпаліць білборды альбо размаляваць сцены, і ўсё. Нямногія СМІ кажуць аб канструктыўнай дзейнасці, больш падхопліва­юць «гарачыя» навіны.

— Ты кажаш пра страх звычайных людзей. Але ж і анархісты не жалезныя. Ты сама баішся?

— Ад пачатку было страшна. Былі моманты панічных атак і сапраўднай паранойі. Ты папросту не ведаеш, куды трапіш і што з табой будуць рабіць. Але больш за ўсё мне страшна не за сябе, а за сяброў, якія трапляюць пад рэпрэсіўнае кола. Страх прысутнічае, але далёка не ў той ступені, як раней. Зараз я лепш разумею, што са мной будзе. І што такое: трапіць на суткі, а можа і на гады, як гэта, калі за табой сочаць. Цяпер я гэта разумею і прымаю. Не бывае актывізму без рэпрэсій — трэба гэта разумець. І цяпер я не настолькі балюча гэта перажываю. Калі раней я моцна перажывала за любога чалавека з руху, якога могуць затрымаць, альбо за звычайнага чалавека з вуліцы, я ледзь не трымцела ад кожнай такой навіны. Цяпер жа я разумею, дзе я, куды прыйшла і чым займаюся. Ужо шмат гадоў я ў руху, і за гэтыя часы сфарміраваўся пэўны імунітэт да наступстваў.

— А што ты адчуваеш да тых, хто штрафаваў цябе, арыштоўваў, да амапаўцаў-ілжэсведкаў? Некаторыя гараць нянавісцю, некаторыя прабачаюць. А ты?

— Раней я адчувала да іх нянавісць. Зараз не скажу, што я стаўлюся да іх холадна ці з пазітывам. Хутчэй, гэта негатыў, але не так, што «я вас ненавіджу ўсім сэрцам і душой, я б вас забіла», — такога няма. Нянавісць — як язва, і чым яна мацнейшая, тым больш выядае цябе знутры.

— Беларускія анархісты прапагандуюць грамадства з народным самакіраваннем. Кім ты сябе бачыш у ім?

— Перш за ўсё, я была б часткай гэтага грамадства — грамадства, дзе людзі паважаюць адзін аднаго і ставяцца ўважліва. На жаль, цяпер жа не так часта сустракаеш салідарнасць — кожны сам за сябе. Для мяне ж важна, каб людзі не былі абыякавымі і каб дапамагалі адзін аднаму, заставаліся шчырымі адзін перад адным.

А прафесія б мая не змянілася — я б надалей працавала з людзьмі і аказвала ім паслугі.