У затрыманага напярэдадні доктара Рустама Айзатуліна арыштавалі машыну

У затрыманага ўчора траўматолага-артапеда Рустама Айзатуліна арыштавалі машыну — «за сімволіку і ўдзел у несанкцыянаваным шэсці», паведамляе «Еўрарадыё».

Рустам Айзатулін. Фота Аляксандра Васюковіча, imenamag.by

Рустам Айзатулін. Фота Аляксандра Васюковіча, imenamag.by

Траўматолаг-артапед Рустам Айзатулін застаўся без машыны. Напярэдадні ён быў затрыманы ў Мінску і чатыры гадзіны правёў у аддзяленне міліцыі, паведамляе телеграм-канал «Белыя халаты» са спасылкай на Facebook доктара.

«Дзякуй усім за падтрымку. Чатыры гадзіны — гэта яшчэ не самае горшае, што магло здарыцца. Пагутарыў затое з добрымі людзьмі. Але! Нікому не раю», — напісаў Рустам Айзатулін у сацсетках.

Ён таксама распавёў, што ў яго арыштавалі машыну — «за сімволіку і ўдзел у несанкцыянаваным шэсці». Так што, паводле слоў доктара, цяпер ён «пешаход».

«Белыя халаты», калі паведамлялі напярэдадні аб затрыманні Айзатуліна, падкрэслівалі, што ён — унікальны спецыяліст, які можа выконваць рэдкія аперацыі. Ён займаўся таксама з неданошанымі немаўлятамі, дзецьмі з рэдкімі нейрацяглічнымі захворваннямі. З 1 студзеня ён стаў беспрацоўным — у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі з ім не працягнулі кантракт.

«У жніўні ў мяне было шмат пастоў у Facebook. Мяне выклікалі ў міністэрства на гутарку і вынеслі папярэджанне за пасты ў Facebook. Ніякіх затрыманняў мяне падчас акцый ніколі не было. Толькі пасты. Цяпер дачакаліся заканчэння кантракту», — распавядаў яшчэ ў снежні доктар у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

Тады ён не выключаў, што, калі не знойдзе працы ў Беларусі, вымушаны будзе з'ехаць з краіны.

Напярэдадні ў Беларусі былі затрыманыя больш за 200 чалавек — у Мінску і ў іншых гарадах краіны. 25 сакавіка быў Дзень Волі — гадавіна абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.