71-гадовай лекарцы прысудзілі буйны штраф за бела-чырвоную вопратку

Лекарка вярталася з працы, калі да яе падышоў малады міліцыянт у чорнай форме і сказаў: «Што гэта ты так выстраілася?» — паведамляе «Свабода».

9bb4c9ff_2ab7_4001_b056_117014694d3d_cx0_cy1_cw0_w1023_r1_s.jpg

25 сакавіка ў Мінску каля кінатэатра «Кастрычнік» затрымалі 71-гадовую лекарку, анколага-мамолага Святлану Яцкову. У пратаколе напісалі, што яна была апранутая ў бел-чырвона-белае, а на рукаве віселі белыя і чырвоныя стужкі, паведаміў тэлеграм-канал «Вясна назірае».

На судзе Святлана Яцкова сказала, што яна вярталася з працы, калі да яе падышоў малады міліцыянт у чорнай форме і сказаў: «Што гэта ты так выстраілася?»

Паводле Яцковай, бел-чырвона-белых стужак на ёй не было.

Яна распавяла, што ў РУУСе ёй стала блага, падняўся ціск. Міліцыянты казалі: «Ёй трэба ці "хуткую" выклікаць, ці дадому адпусціць, каб яна тут не памерла». І а першай гадзіне ночы яе выпусцілі з позвай у суд.

Суддзя Марына Фёдарава аштрафавала Святлану Яцкову на 3770 рублёў.

Паводле праваабаронцаў, 25 сакавіка затрымалі больш за 200 чалавек.