У Беларусі прапануюць забараніць продаж алкаголю асобам, маладзейшым за 21 год

Беларускія дэпутаты будуць ініцыяваць увядзенне забароны на продаж алкаголю асобам, маладзейшым за 21 год.



szkolnica_pliaszka_harelki.jpg

Пра гэта паведаміў сёння дэпутат палаты прадстаўнікоў Мікалай Іванчанка на пасяджэнні Мінаблвыканкама, дзе разглядаліся вынікі працы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у Мінскай вобласці ў 2014 годзе.
На думку дэпутата, прыбытак ад вытворчасці алкаголю несувымерны з той шкодай, які ён наносіць краіне.
«Дзейснай праграмы па супрацьдзеянні ўжыванню алкаголю сёння не бачна. Прапаную разам з нарколагамі і іншымі спецыялістамі Мінскай вобласці ўнесці ва ўрад сур'ёзныя прапановы, каб прыняць праграму, дзе былі б замацаваны забарону на продаж алкаголю асобам маладзейшым за 21 год, скарачэнне кропак продажу алкаголю і шэраг іншых прапаноў», — адзначыў Мікалай Іванчанка. Яшчэ адно пытанне, на якое трэба звярнуць увагу, гэта рэклама піва на тэлебачанні, мяркуе дэпутат.
Прапанаваныя меры маглі б даць сур'ёзныя вынікі ў плане скарачэння спажывання алкаголю. «Дэпутаты будуць падымаць гэтыя пытанні, але хацелася б, каб да гэтага падключыліся ўсе зацікаўленыя», — дадаў Мікалай Іванчанка.
БелТА