Пароль «перамога». Дзяўчына на маршы трапіла пад хапун, але была вызвалена з аўтазаку. Як?
"Сім-сім, адчыніся" для аўтазака.
Незвычайная гісторыя здарылася на нядзельным Маршы народаўладдзя з адной з яго ўдзельніц Янай. Дзяўчына падзялілася з "Новым Часам".
Падчас маршу, які адбываўся 8 лістапада, Яна была ў самай гушчыні падзеяў. Яе муж застаўся дома з дзяцьмі і адсочваў навіны ў тэлеграме. У некі час у канале Антона Матолькі з'явілася паведамленне аб тым, што існуе пароль "перамога", гэта было падслухана ў перамовах сілавікоў. Муж паведаміў Яне гэтую інфармацыю. Як аказалася, вельмі не дарэмна.
Пры чарговым хапуне Яна патрапіла ў аўтазак. "У мяне вынулі з рук цыгарэту, якую я толькі запаліла, чалавек у балаклаве. Я зразумела, што мяне будуць затрымліваць. І сапраўды, павялі ў аўтазак", — распавядае дзяўчына.
Яна вырашыла скарыстацца паролем, сказала яго сілавіку. Пасля гэтага ёй паабяцалі, што зараз адпусцяць. І праз некалькі хвілін сапраўды выпусцілі. Хаця перад гэтым паспрабавалі прымусіць патаптацца па бел-чырвона-белым сцягу, які расклалі на падлозе аўтазака. Але Яна падняла яго і павесіла на сядзенне, сказаўшы, што не ходзіць па тканінах. «Дакладна "перамога"?» — недаверліва пераспытаў сілавік, але ўсё ж выпусціў дзяўчыну.
Яна працягнула ўдзел у маршы, пакуль людзі не разышліся. Увогуле, дзяўчына актыўна ходзіць на акцыі, з самага пачатку пратэстаў і не толькі па нядзелях. Але з сумам адзначае, што вельмі цяжка ўспрымаць людзей, якія ставяцца да пратэстаў абыякава.
— У аўтазаку я была сярод сваіх. Усе смелыя, рашучыя і свядомыя. А потым у крамах, на прыпынках чула размовы, маўляў, "што гэтыя мітынгоўцы ніяк не супакояцца". Гэта вельмі цяжка вытрымліваць маралёва. На працы раней актыўна хадзілі на ланцугі салідарнасці, але ў рэшце страцілі да гэтага цікавасць, абмяркоўваюць навагодні карпаратыў... Якая праца, які карпаратыў, калі ў краіне такое робіцца?! Як не хочацца вяртацца да такіх людзей. Напэўна, дарма я не засталася ў аўтазаку, прынамсі была б у добрай кампаніі, — разважае Яна.