Уладальнік «Колабайка» пра ўдзельнікаў велапрабегу: «Раз вы рэвалюцыянеры, аплачвайце штрафы самі»
Учора ў сталіцы ДАІ зноў складала пратаколы на веласіпедыстаў, якія ўдзельнічаюць у так званых велапрабегах салідарнасці. Афіцыйна прэтэнзіі праваахоўнікаў складаліся ў тым, што двухколавы транспарт не абсталяваны люстэркамі і катафотамі. Але калі раней штрафавалі толькі тых, хто ездзіў на ўласных роварах, то ў гэты раз «дасталася» і карыстальнікам шэрынга «Колабайк», піша tut.by.
Карыстальнікі сэрвісу віну не прызнаюць і штрафы аплачваць не хочуць. Іх выклікалі на разгляд у АДАІ. Вядома, што ўчора на веласіпедыстаў было складзена не менш за 10 пратаколаў.
«Штрафы павінны выпісваць на "Колабайк" — яны ўладальнікі ровараў»
Як і на ўсіх папярэдніх акцыях, даішнікі прасілі веласіпедыстаў прад'явіць дакументы — для высвятлення асобы, а потым паведамлялі, што яны парушылі ПДР: на пракатных роварах былі катафоты не таго колеру, а на нейкіх роварах не было люстэркаў.
Веласіпед павінен мець спраўныя тармазную сістэму, рулявое кіраванне і гукавы сігнал, быць абсталяваны люстэркам задняга віду, спераду святловяртальнікам белага колеру, ззаду —святловяртальнікам (святловяртальнікамі) чырвонага колеру, а з кожнага боку — святловяртальнікі аранжавага колеру.
З правапарушэннем веласіпедысты не згаджаліся: калі транспарт пракатны, то і адказваць за яго тэхстан і абсталяванне павінен уладальнік, яму і штраф плаціць.
Інспектары выслухоўвалі веласіпедыстаў, але ўсё ж складалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па частцы 1 артыкула 18.23 КаАП (прадугледжана пакаранне ў выглядзе папярэджання або штрафу ад адной да трох базавых), і запрашалі веласіпедыстаў прыбыць для разгляду ў ДАІ ў пэўныя дату і час
Але былі і зусім кур'ёзныя сітуацыі. Мінчанін Андрэй, ведаючы, што ДАІ штрафуе за адсутнасць люстэркаў, купіў і самастойна ўстанавіў люстэрка на шэрынгавы ровар.
— Ехаў па праспекце Незалежнасці ў бок Палаца рэспублікі. Метраў за пяць да скрыжавання з Казлова я спешыўся — на светлафоры гарэла чырвонае святло. Калі разам з іншымі веласіпедыстамі стаялі каля пешаходнага пераходу, пад'ехала ДАІ і два інспектара пачалі правяраць у нас люстэркі і катафоты.
Андрэй паказаў інспектару люстэрка, але пытанні ў таго выклікалі бакавыя катафоты: на колах яны былі белыя, а па ПДР павінны быць аранжавыя.
— Але я заўважыў, што на педалях з абодвух бакоў ровара, былі аранжавыя святлаадбівальнікі, іх я паказаў інспектару. Але той сказаў, што на педалях — гэта не значыць збоку.
Вось такія катафоты былі на колабайку Андрэя
За бакавыя катафоты не таго колеру на пракатным ровары даішнік склаў пратакол на Андрэя. Веласіпедыст зрабіў надпіс, што з правапарушэннем не згодны. На 6 жніўня яму прызначаны візіт да начальніка АДАІ Першамайскага раёна — на разбіральніцтва.
— Буду даказваць, што ў ровары было ўсё па ПДР. А калі мне ўсё ж дадуць штраф, думаю звяртацца ў суд, — кажа мужчына. — Наогул, «Колабайк» павінен паклапаціцца, каб усё ў іх роварах было па ПДР. Я, калі сканчаў паездку, паставіў ім самую нізкую ацэнку і водгук напісаў: «З-за вас у мяне праблемы з ДАІ».
Уладальнік шэрынга: «Раз вы рэвалюцыянеры — то і штрафы аплачвайце самі»
— Нашы ровары абсталяваны ўсім неабходным: наперадзе і ззаду святловяртальнікамі, катафотамі збоку. Ніякага дадатковага абсталявання ім не патрабуецца. Гэта адпавядае Венскай канвенцыі аб дарожным руху, — пракаментаваў сітуацыю AUTO.TUT.BY Вадзім Осіпчык, дырэктар велашэрынга «Колабайк». — Што тычыцца люстэркаў, то яны роварам не патрэбныя, нідзе ў свеце на ровары іх не ўсталёўваюць. У нас гэта патрабаванне забыліся прыбраць з ПДР з часоў СССР.
Па словах дырэктара шэрынга, месяц назад ён быў на прыёме ў рэспубліканскай ДАІ і там яго запэўнілі, што ў новай рэдакцыі ПДР патрабаванняў да люстэркаў не будзе. Пры гэтым ён адзначыў, што калі ДАІ накладзе штраф на карыстальніка сэрвісу, то пракатная фірма аплачваць яго не будзе.
— Калі вы рэвалюцыянеры і вырашылі ўдзельнічаць у гэтых акцыях, то будзьце такімі ўстойлівымі да канца — плаціце штрафы самі. Я разумею: такая ваша жыццёвая пазіцыя, але гэта вашы рызыкі, дык чаму за вашы дзеянні павінен адказваць нехта іншы? Бо людзі, якія выязджаюць на сваіх роварах, адказваюць самі і ні на каго адказнасць не перакладаюць, — разважае Вадзім Осіпчык.