Уладам Віцебска не хапае тратуара, каб зрабіць веладарожкі

Не хочуць і не могуць. Да такой высновы прыйшла каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Таццяна Севярынец, калі атрымала ліст з аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва на свой электронны зварот у Віцебскі гарвыканкам наконт дарожак для ровараў.



velostop.png

«…стварэнне веласіпедных дарожак шляхам нанясення адмысловай разметкі на тратуары, у сітуацыі, якая склалася ў цэнтральнай частцы горада, лічым немэтазгодным, бо згодна з ТКП 45-3.03-227-2010 шырыня веласіпеднай дарожкі павінна быць не менш за 1 метр, а пешаходнай дарожкі — не менш за 1,2 метра». «Для пашырэння праезнай часткі і арганізацыі паласы руху для веласіпедаў альбо веласіпеднай дарожкі неабходна павялічыць яе шырыню ў сярэднім на 1 метр у кожны бок руху. У некаторых месцах гэта прывядзе да звужэння і так недастатковага па памеры тратуара, у іншых—да скарачэння зямельных участкаў грамадзян і юрыдычных асоб, што таксама немагчыма», — гаворыцца ў адказе гарвыканкаму.

«Між тым мы не патрабуем разметкі па ўсім горадзе. Зразумела, што гэта патрабуе ўсіх тых высілкаў, пра якія пішацца ў лісце-адказе. Але ж тратуары ў цэнтры гораду і шмат дзе на перыферыі шырокія. Мы прамералі іх звычайным швачным метрам. Так, напрыклад, па праспекце Будаўнікоў шырыня тратуару складае 4,75 метра, на Чкалава, Маскоўскім праспекце, Чарняхоўскага, Смаленскай, Фрунзе, Перамогі, Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, Кірава, Герцана, Леніна, Церашковай, Броўкі, Горкага — тое самае, з невялікім хістаннем: дзе крыху больш, дзе крыху менш, але не менш чым патрабныя 2,2 метра. Ёсць вуліцы, дзе мінакі сустракаюцца гады ў рады. А раварыстаў шмат. І яны часцей перасоўваюцца па горадзе па справах, а не проста праветрыцца выехалі», — адзначыла Таццяна Севярынец.

«Ёсць такая выснова: калі чалавек хоча, ён шукае выйсце, робіць; калі не — шукае апраўданні. Чыноўнікі ў Віцебску не хочуць. Так што гэтая праблема так і застанецца пакуль галаўным болем для начальніка аддзела арганізацыі дарожнага руху Віцебска Віктара Касянкова», — сказала яна, дадаўшы, што актывісты працягнуць працаваць, каб праблему вырашыць.

Bchd.info