Улады назвалі першых беларусаў, якіх пачнуць судзіць завочна. Сярод іх медыяменеджар Дзмітрый Навоша

Следчы камітэт апублікаваў імёны беларусаў, у адносінах да якіх распачата спецыяльная крымінальная вытворчасць. Усяго іх пяцёра.

maxresdefault_147.jpg

У спіс трапілі Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Вольга Высоцкая, Валерыя Занімонская і Дзмітрый Навоша. Іх абвінавачваюць у адміністраванні тэлеграм-канала «Ч*рная кніга Беларусі».

Ім усім інкрымінаваны ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне варожасці») і ч. 3 арт. 203-1 КК  («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных»).

Самы вядомы ў спісе — журналіст і медыяменеджар Дзмітрый Навоша. Ён з'яўляецца адным з заснавальнікаў спартыўных парталаў Sports.ru і Tr*buna.com. Жыве за мяжой.

Завочныя суды — форма пераследу, якую рэжым Лукашэнкі вынайшаў для палітычных эмігрантаў. Акрамя прысудаў пэўнага тэрміну ўлады анансавалі фінансавае пакаранне абвінавачаных (да канфіскацыі нерухомасці) і нават пазбаўленне беларускага грамадзянства.