Уласніка «Галерэі Ў» і яшчэ аднаго затрыманага ў КДБ арыштавалі на 14 дзён. Яны прапаноўвалі ўзяць Бабарыку на парукі
Бізнесоўца Аляксандра Васілевіча асудзілі на 14 дзён арышту. Яго прызналі вінаватым у «парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў» (ч.1 арт. 23.34 КаАП) — нібыта ён выкрыкваў «Свабоду Бабарыку!» 28 ліпеня пад будынкам КДБ, паведамляе «Свабода».
На кадрах СМІ і відавочцаў такі эпізод не быў
зафіксаваны. Паведамлялася, што Аляксандра Васілевіча затрымалі, калі ён
увайшоў у будынак Камітэту дзяржаўнай бяспекі, каб падаць хадайніцтва за
вызваленне экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі на парукі.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 14 дзён арышту асудзілі таксама Уладзімера Іванова, затрыманага каля КДБ у той жа дзень. Яго судзілі паводле таго ж арт. 23.34, а таксама за «дробнае хуліганства» (арт. 17.1 КаАП РБ).
«Характэрна, што іншыя суды паводле арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) апошнія тры дні масава пераносяцца на нявызначаны тэрмін», — адзначае «Вясна».
Васілевіч быў тады разам з галоўным рэдактарам The Village Яўгеніяй Сугак. Яна выступіла на судзе сведкай і расказала, што па дарозе ў КДБ Васілевіч нічога не крычаў, яны размаўлялі пра свае справы. На ўваходзе ў КДБ яны расказалі пра мэту візіту, іх запрасілі ўвайсці, адвялі ў нейкі пакой, а адтуль — у аўтазак, на якім адвезлі ў РУУС.
Сугак у той жа вечар вызвалілі, пра лёс Васілевіча спачатку не паведамлялі ніякай інфармацыі родзічам, затым сказалі, што ён у ізалятары на Акрэсціна, там — што трэба пытаць у РУУС, а ў РУУС — што яго там не афармлялі. У выніку амаль праз дзень пасля затрымання прызналі, што ён у ізалятары на Акрэсьціна.
Васілевіч — уладальнік рэкламных агенцтваў Hepta і Vondel, уласнік мінскай «Галерэі Ў».