Максім Субач на волі
Музыка, сябра ініцыятыўнай грыпы Віктара Бабарыкі, адседзеў 10 сутак арышту за надпіс на асфальце «Хопіць трываць Лу…».
Няведанне таго, што з табой будзе адбывацца далей, — гэта самае нясцерпнае, распавёў Максім Субач “Радыё Рацыя”:
— У гэтых установах два, як бы мовіць, варыянты абслугоўвання, калі на цябе вешаюць такое ярмо “палітычнага”, то забіраюць на дзень матрасы, не водзяць на прагулкі. Усё ж такі пару-тройку разоў выводзілі. Але мусяць выводзіць значна часцей. І вельмі цяжка сядзець у гэтай закрытай маленькай прасторы ўвесь дзень. Завяліся вошы.
Субачу не дазвалялася перадаваць кнігі, не выдаваліся папера з асадкай. За 10 сутак ён змяніў 3 камеры, і ад затрымання да вызвалення не змог пабачыцца з адвакатам.
Цяпер музыка збіраецца абскардзіць дзеянні міліцыі.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя