Вакзал у Брэсце аформяць па-беларуску

З ініцыятывы актывістаў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны чыгуначны вакзал у Брэсце аформяць па-беларуску, паведаміла “НЧ першы намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання Алена Анісім.



anisim.jpg

Паводле яе слоў, праблема беларусізацыі Беларускай чыгункі (БЧ) паўстала некалькі гадоў таму, калі з рэгіёнаў у кіраўніцтва ТБМ пачалі паступаць паведамленні пра тое, што многія станцыі аформлены на рускай мове. Пасля правядзення маніторынгу сітуацыі сакратарыят аб’яднання звярнуўся да кіраўніцтва БЧ з запытам адносна таго, што з візуальнага афармлення абноўленых інтэр’ераў і фасадаў чыгуначных вакзалаў і станцый пад час іх рэканструкцыі і рамонту знікае беларуская мова.
Акрамя таго, восенню ТБМ пачало грамадскую кампанію па вяртанню беларускай мовы на БЧ. “Вельмі крыўдна, што ў 130-годдзе народнага паэта Беларусі нават чыгуначны вакзал ў Стоўбцах (Мінская вобласць) на радзіме песняра аформлены на рускай мове, адзначыла намесніца старшыні ТБМ. “Расклад руху, які раней на стаўбцоўскім вакзале быў зроблены па-беларуску, замянілі на рускамоўны. А роднай мове тут знайшлося месца толькі ў куточку ля партрэта знакамітага земляка. Такая ж карціна назіраецца і на іншых вакзалах і станцыях, — падкрэсліла Анісім.
Яна  распавяла, што ў ходзе кампаніі грамадзяне краіны ставілі свае подпісы пад зваротам “Вернем Беларускай чыгунцы беларускае аблічча і накіроўвалі зварот начальніку БЧ Уладзіміру Марозаву. У звароце, між іншым, паведамлялася, што грамадзяне занепакоены палітыкай русіфікацыі на БЧ (назвы вакзалаў і станцый, асабліва на Віцебшчыне, мяняюцца з беларускай мовы на рускую, электрычкі Мінскіх гарадскіх ліній не маюць беларускамоўнага афармлення, усе праязныя дакументы зроблены толькі па-руску, кіраўніцтва Брэсцкага аддзялення БЧ вырашыла ў 2013 годзе змяніць афармленне вакзала ў Брэсце і зрабіць яго выключна на рускай і англійскай мовах) і патрабуе згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь “вярнуць дзяржаўную беларускую мову ва ўсе сферы дзейнасці нашай беларускай (а не расійскай) чыгункі.
Паколькі сотні грамадзян паказалі сваю зацікаўленасць і запатрабаванасць у беларускай мове, кіраўніцтва БЧ мусіла рэагаваць, хаця і нервова. Сакратарыят ТБМ накіраваў асобныя запыты кіраўніцтву Брэсцкага аддзялення БЧ і ў Брэсцкі албвыканкам. Трэба адзначыць, што кіраўніцтва Брэсцкага аблвыканкама падтрымала пазіцыю грамадскасці і паведаміла: “ў ходзе рэканструкцыі вакзала станцыі Брэст-Цэнтральны візуальную інфармацыю для пасажыраў, размешчаную, у тым ліку, ў будынку вакзала і на чыгуначных платформах, плануецца выканаць на трох мовах: беларускай — вялікім шрыфтам, рускай і англійскай. Назва вакзала на фасадзе будынка таксама будзе выканана на беларускай мове.
“Паколькі грамадскасць у гэтым патанні спрацавала на апярэджанне, есць надзея, што гэтае рашэнне будзе выканана, — сказала Анісім. Яна выказала вялікую падзяку грамадзянам, каторыя прынялі ўдзел ў кампаніі, прадэманстравалі сваю адданасць роднай мове і разуменне дзяржаўнага значэння функцыянавання беларускай мовы, а таксама тое, што родная мова — гэта вялікая частка нацыянальнай культуры і калі не мы яе захаваем, то хто гэта зробіць.