Віцебск. Штрафы за фотасэсію
У судзе Чыгуначнага раёна новыя пакаранні за «фатасесію з птушкамі і клеткамі».
Суддзя Алена Цыганкова разбірала сёння адміністрацыйныя справы, распачатыя супраць журналіста Кастуся Мардзьвінцава і каардынатаркі аргкамітэту па стварэнні Партыі БХД Тацяны Севярынец.
Суд пачаўся ў закрытым рэжыме ў кабінеце суддзі. Але пасля ўмяшання старшыні суду, да якога пайшлі скардзіцца, Цыганкова пагадзілася ўпусціць пяць чалавек — столькі вольных крэслаў было ў яе пакоі.
Суддзя не задаволіла хадайніцтва пра тое, каб працэс адбываўся на беларускай мове. Перакладчыка Кастусю Мардзьвінцаву таксама не далі.
Падчас суду Кастусь Мардзьвінцаў разбіў галоўны аргумент маёра Аляксандра Рыбакова, які спрабаваў давесці, што акцыя адбывалася 5 лістапада. У той час, як астатнія ўдзельнікі «фатасесіі» канкрэтнай даты не называлі. Тым не меней Кастусь Мардзьвінцаў быў пакараны штрафам у 20 базавых велічыняў (3 мільёны рублёў).
Тацяна Севярынец была пакараная штрафам у 25 базавых велічыняў (3 мільёны 750 тысяч рублёў).
Абодва засуджаныя прызнаныя вінаватымі ва ўдзеле у несанкцыянаваным пікетаванні. Адзіны «доказ» — гэта фатаздымкі з інтэрнэт-сайтаў, дзе некалькі чалавек сфатаграфаваліся побач з зачыненым на рэстаўрацыю будынкам раённага Дома культуры. На сцяне гэтага дома ёсць вядомае ў горадзе графіці: тры клеткі, з якіх вылятае на волю птушка, зробленая з газеты.
За фатаграфаванне ў гэтым месцы трое ўдзельнікаў фатасесіі былі аштрафаваныя раней: журналістам Алене Сцяпанавай і Змітру Казакевічу прысуджаныя штрафы памерам па 20 базавых велічынь (па 3 мільёны рублёў), актывістку аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Алену Шабуню суд прызначыў штраф у 18 базавых велічынь (2 мільёны 700 тысяч рублёў).
Прысутны на працэсах 28 лістапада маёр міліцыі Аляксандр Рыбакоў, які і склаў адміністрацыйныя пратаколы на ўдзельнікаў фатасесіі, настойваў на тым, што гэта была не фатасесія, а пікетаванне. Фатаздымкі «з птушкамі і клеткамі» былі размешчаныя ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», потым з'явіліся на сайце ГА «БАЖ». 17 лістапада «падчас маніторынгу інтэрнэту», як напісана ў рапарце начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі абласной міліцэйскай управы Аляксандра Каліноўскага, на фатаздымкі звярнулі ўвагу міліцыянты. Яны вырашылі, што дзеянні людзей на фота маюць «прыкметы правапарушэння».
Справы за фатаграфаванне «з птушкамі і клеткамі» набылі шырокі грамадскі рэзананс, у тым ліку міжнародны. «Еўрапейская федэрацыя журналістаў» (IFJ) і ГА «БАЖ» выступілі з адкрытым лістом у падтрымку ўдзельнікаў фатасесіі. А прадстаўнікі IFJ правялі акцыю салідарнасці з віцебскімі калегамі — паўтарылі іхнюю фатасесію ў Брусэлі, трымаючы ў руках папяровых птушак і клеткі, а таксама шыльдачкі з надпісам «Хіба гэта злачынства?».