Вярхоўны суд ліквідаваў Грамадскае аб’яднанне БНФ «Адраджэнне»

Суд адбыўся 10 лістапада пасля пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «БНФ „Адраджэнне«», паведамляе «Радыё Свабода».

3_407.jpg


Справу ініцыявалі яшчэ ў канцы ліпеня. Прысуд вынесла суддзя Рыма Філіпчык.
Пра рашэнне суду «Свабодзе» стала вядома 12 лістапада, гэта паведаміў намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «БНФ „Адраджэнне“» Юрась Меляшкевіч.
Падставай для ліквідацыі аднаго са старэйшых грамадскіх аб’яднанняў краіны чыноўнікі палічылі непадачу дакументаў, якіх запатрабавалі ад арганізацыі. Пры гэтым офіс у Мінску апячатаны ад 14 ліпеня, калі па краіне пракацілася хваля ператрусаў у грамадскіх арганізацыях.
Падчас ператрусу ў сядзібе БНФ на вуліцы Чарнышэўскага ў адсутнасць прадстаўнікоў арганізацыі Следчы камітэт забраў бухгалтарскія і іншыя дакументы, а сам офіс апячатаў.
На звароты аб’яднання аб неабходнасці разблакаваць доступ у памяшканне дзеля таго, каб выканаць патрабаванні Міністэрства юстыцыі, следчыя структуры адказалі адмоўна.
Раней разгляд справы аб ліквідацыі БНФ прыпынілі на падставе таго, што арганізацыя абскардзіла ў Вярхоўным судзе пісьмовыя папярэджанні. Аднак па выніках кастрычніцкага разгляду гэтых скарг суд пастанавіў пакінуць пісьмовыя папярэджанні ў сіле.
Грамадскае аб’яднанне «БНФ „Адраджэнне“» заснавана ў 1988 годзе, а зарэгістравана як агульнанацыянальнае грамадскае аб’яднанне ў 1991 годзе. У 1999 годзе адбыўся раскол агульнага руху, ад чаго ўтварыліся дзве асобныя партыі: Кансерватыўна-хрысціянская партыя «Беларускі народны фронт» (КХП-БНФ) пад кіраўніцтвам Зянона Пазняка і Партыя БНФ.
Аб’яднанне «БНФ „Адраджэнне“» структурна-юрыдычна адасобленае ад Партыі БНФ, хоць склад кіраўніцтва палітычнай партыі і руху з'яўляецца ідэнтычным: абедзве арганізацыі ўзначальвае Рыгор Кастусёў, які цяпер знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ; супадае і склад Сойму як кіруючага органа.