Вярхоўны Суд пакінуў смяротны прысуд Сяргею Вострыкаву ў сіле

4 кастрычніка Вярхоўны Суд у выніку апеляцыйнага разгляду справы Сяргея Вострыкава пакінуў у сіле прысуд Гомельскага абласнога суда.

Канвой выводзіць Сяргея Вострыкава з суда пасля паседжання. Фота Алеся Бяляцкага

Канвой выводзіць Сяргея Вострыкава з суда пасля паседжання. Фота Алеся Бяляцкага

 

На абвяшчэнні прысуду прысутнічалі беларускія і міжнародныя праваабаронцы — кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, а таксама прадстаўнікі Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека Саша Кулаева і Фларанс Беліўе, якія прыехалі ў Беларусь для прэзентацыі даклада FIDH і "Вясны" па смяротным пакаранні.

 “Сяргей Вострыкаў успрыняў рашэнне Вярхоўнага Суда без эмоцыяў. Суддзя запытаў, ці зразумелае яму рашэнне, ён адказаў, што зразумелае”, — распавёў Андрэй Палуда.

Іншыя акалічнасці сённяшняга судовага пасяджэння праваабаронцам невядомыя, паколькі яно праходзіла ў закрытым рэжыме з прычыны наяўнасці акалічнасцяў справы, якія суд не мог агучваць публічна.

Нагадаем, Гомельскі абласны суд вынес смяротны прысуд 33-гадоваму жыхару абласнога цэнтра сёлета 19 мая. Сяргей Вострыкаў прызнаны вінаватым у двух асобных выпадках згвалтавання і забойства.

Нягледзячы на ўзрастаючы нацыянальны і міжнародны ціск на Беларусь з заклікам адмяніць смяротнае пакаранне, гэта трэці вынесены прысуд ад пачатку 2016 года.


spring96.org