Вольга Івашына звярнулася да палітыкаў: Дапамажыце абмену ваеннапалоннага журналіста Дзяніса Івашына!
Вольга Івашына, жонка палітвязня Дзяніса Івашына, звярнулася да палітыкаў, каб тыя дапамаглі абмену ваеннапалоннага Дзяніса Івашына. Журналіст-палітвязень увесь час пісаў пра небяспеку і спрабаваў калі не прадухіліць, то хаця б адцягнуць пачатак поўнамаштабнага нападу Расіі на Украіну.
Жонка палітычнага вязня і ваеннапалоннага Дзяніса Івашына звярнулася да палітыкаў:
— Звяртаюся да вас ад імя і па даручэнні мужа. Дзяніс Івашын – беларускі журналіст, карэспандэнт газеты Новы Час/ Novy Čas, валанцёр, актыўны ўдзельнік палітычных акцыяў (за што ўжо трапляў за краты ў 2017 г.), у тым ліку двух рэвалюцыяў ва Украіне (2004 і 2014 гг.). Ад пачатку расійска-ўкраінскай вайны займаўся зборам гуманітарнай дапамогі для перасяленцаў з зоны АТА. З 2014 ў складзе міжнароднай валанцёрскай супольнасці InformNapalm праводзіў OSINT-раследаванні, у якіх збіраў і фіксаваў доказы агрэсіі РФ супраць Украіны, Сірыі, Грузіі ды інш., супрацьстаяў гібрыднай інфармацыйнай вайне супроць Украіны і Беларусі.
Да самога моманту ўвязнення Дзяніс Івашын праводзіў шэраг расследаванняў фактаў злачынстваў арміі РФ ва Украіне, Сірыі, Грузіі, выкрываў “вагнераўцаў” і “беркутаўцаў”. Апошнія пасля здзяйснення злачынстваў здрадзілі прысязе, уцяклі з Украіны і спрабуюць ухіліцца ад адказнасці ў РБ і РФ, незаконна атрымаўшы грамадзянства.
Дзяніс Івашын увесь час пісаў пра небяспеку і сваімі словамі і дзеяннямі спрабаваў калі не прадухіліць, то хаця б адцягнуць пачатак поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны і ўсяго цывілізаванага свету. І гэта вельмі не спадабалася тым, хто зараз акупаваў не толькі частку тэрыторыі Украіны, але і Беларусь. Дзяніса пасадзілі ў адну з самых жахлівых турмаў – Гродзенскую – дзе яго катуюць, здзекуюцца з яго і ўсяляк перашкаджаюць трымаць элементарную сувязь з сваякамі. Акурат зараз Дзяніс сядзіць у карцары. І быў пэўна сімвалічна пераведзены туды за дзень да пачатку паўнамаштабнага наступу Расіі.
Дзяніс Івашын, як грамадзянін Беларусі, які мае статус “замежнага украінца”, заўсёды выступае за незалежнасць нашых братэрскіх краінаў, змагаючыся з расійскім імперыялізмам і шавінізмам. Менавіта таму ён уяўляў і ўяўляе пагрозу для ўсходніх акупантаў. Менавіта таму яго змясцілі за краты, абвінаваціўшы ў “здрадзе дзяржаве”. І менавіта таму мы лічым, што Дзяніс Івашын з’яўляецца не толькі палітвязнем, але, перадусім, ваеннапалонным.
Дзяніс заўсёды знаходзіўся на перадавой (і зараз, упэўненая, быў бы ў шэрагах абаронцаў). Майдан, Плошча, Інфармацыйны фронт – гэта тыя пляцоўкі, дзе мой муж змагаўся з ворагамі Беларусі і Украіны.
Дзяніс лічыў агрэсіўныя дзеянні Расіі супраць Украіны галоўнай небяспекай для Беларусі. Перабываючы ў палоне, ён не губляе надзеі на перамогу сілаў дабра над злом. І я б вельмі хацела пабачыць свайго мужа хутчэй на свабодзе, тым больш калі зараз у Беларусі фактычна пануе пуцінскі Райх – яшчэ страшнейшы за рэжым унутранай акупацыі. Гэта сапраўдная пагроза жыццю Дзяніса Івашына.
Таму я звяртаюся наўпрост да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і ўкраінскага ўраду, да Аляксея Ганчарэнкі, як кіраўніка міжфракыйнага аб’яднання Вярхоўнай Рады Украіны “За Дэмакратычную Беларусь!”, Пятро Парашэнкі, Сяргея Высоцкага ды іншых украінскіх палітыкаў, да парламентара Ірландыі Шона Хогі, “хроснага” Дзяніса, да Святланы Ціханоўскай, якая ўзяла на сябе адказнасць за Беларускі народ, да старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка, старшыні Рада Беларускай Народнай Рэспублікі — Рада БНР Івонкі Сурвілы ды іншых палітычных дзеячаў Беларусі і дэмакратычнага свету: дапамажыце мне ўратаваць мужа! Я прашу вас усіх прыкласці максімальныя намаганні, каб паспрыяць абмену ваеннапалоннага Дзяніс Івашын – сына Беларускага і Украінскага Народаў!
Слава Україні!!! Жыве Беларусь!!!