Вольга Маёрава: Я ведаю, што ідзе вайна

Апошнія месяцы лісты ад палітзняволенай не даходзілі не толькі іншым людзям, але і сыну, нядаўна ж ён атрымаў ад яе адразу некалькі пасланняў.

zoo1.jpg

Вольга Маёрава ў лісце ад пачатку красавіка піша, што атрымала ліст не толькі ад сына, але і ад яшчэ адной жанчыны.
Таксама Вольга згадвае, што ёй дапамагаюць людзі: час ад часу яна атрымлівае бандэролі і перадачы. А вось грошы на рахунку амаль скончыліся. Палітзняволеная зазначае, што «давядзецца прывыкаць жыць без яблыкаў і апельсінаў» — яе сын Сяргей непакоіцца, што садавіну, якую ёй дасылаюць, могуць проста не перадаваць.
Інфармацыі пра тое, калі яе пачнуць судзіць, Вольга Маёрава пакуль не мае. Затое яна ў курсе навінаў.
«Звесткі пра навакольны свет у мяне досыць шырокія — я ведаю, што ідзе вайна», — піша палітзняволеная.
Пакуль жа ад нуды яе ратуюць кнігі — як піша сама Вольга, цяпер яны яе адзіныя суразмоўцы: Рэмарк, Караткевіч, Танк, Булгакаў.
Палітзняволеная грамадская актывістка Вольга Маёрава праходзіць па крымінальнай справе Мікалая Аўтуховіча, якога пачнуць судзіць у Гродне 16 траўня.
У канцы студзеня з'явілася інфармацыя, што Вользе інкрымінуецца восем крымінальных артыкулаў:
- частка 2 арт. 285 — Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме;
- частка 3 арт. 130 — Дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб, або якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека або іншыя цяжкія наступствы;
- частка 4 арт. 295 — Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай;
- частка 3 арт. 361 — Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт;
- частка 2 арт. 257 — Падман спажыўцоў, учынены групай асоб па папярэдняй змове, або асобай, раней судзімай за падман спажыўцоў, або ў буйным памеры;
- частка 1 арт. 14 — Замах на злачынства;
- частка 6 арт. 16 — Саўдзел у злачынстве;
- частка 2 арт. 289 — Акт тэрарызму.
Пазней Вольга напісала ў лісце свайму сыну, што абвінавачванне ў тэрарызме з яе было знятае.
Адрас для лістоў і пераводаў: Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Маёравай Вользе Уладзіміраўне