Таццяна Вадалажская з СІЗА: Я часта цяпер шпацырую ў думках па Менску

Калегі і сябры дзеляцца нядаўнімі лістамі ад палітзняволенай каардынатаркі Лятучага ўніверсітэта Таццяны Вадалажскай.

278647652_172786348461785_7657004879411847076_n.png

У адным з лістоў Таццяна піша, што «збіраецца знаёміцца ​​са справай» — можна меркаваць, што следства або скончана, або набліжаецца да заканчэння.
«Агулам тут жыццё чымсьці нагадвае "традыцыйнае грамадства", дзе рытм і падзеі задаюцца рухам сонца дый прыродай, закальцаваныя ў вечны паўтор. Сонца тут няшмат, але натуральныя сілы дыктуюць нам распарадак дня. Я часта цяпер шпацырую ў думках па Менску, і калі "заходжу" на Грушаўку, узгадваю нашы сустрэчы і грушы. А хутка яны ўжо будуць квітнець. Спадзяюся, што што-небудзь ад квецені заляціць і да нас. Скляпенні старога замка, як не дзіўна, настройваюць на такі гістарычна-рамантычны лад, будзяць фантазію. Пакуль мы сустракаем вясну з дапамогай сонечных вокнаў на прагулках…»
«Пачытала СБ пра чарговую гутарку з прэзідэнтам аб зменах заканадаўства, адвакатуры, грамадзянскай супольнасці і грамадскіх арганізацыях. Выглядае як лагічнае завяршэнне працэсу: ілюзорнасць падзелу ўладаў і іншых дэмакратычных інстытутаў канчаткова знятая. Але ёсць адчуванне дэжавю. Калісьці таксама ставіліся задачы стварэння ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці. Паглядзім, што будзе далей».
Пішыце Таццяне лісты і дасылайце паштоўкі: 220030, г. Мінск, вул Валадарскага, 2, СІЗА №1. Вадалажскай Таццяне Валер'еўне.