Выбуховы горад
Следзтва па справе выбуху ля Віцебскага КДБ скончылася.
Ачэпленае месца выбуху
Расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай па факце хуліганскіх дзеянняў з выкарыстаннем самаробнага выбуховага прыстасавання ля будынка ўпраўлення КДБ Беларусі па Віцебскай вобласці,
завершана, паведаміла БелТА прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэту Віцебскай вобласці Іна Гарбачова.
Увечары 11 лістапада 2012 году каля будынка УКДБ быў здзейсьнены выбух самаробнага выбуховага прыстасавання. У выніку комплексу следчых дзеянняў, аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і экспертных
даследаванняў гэтае злачынства, якое адносіцца да катэгорыі цяжкіх, раскрыта. Канчатковае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 339 («Асабліва злоснае хуліганства») Крымінальнага кодэксу
РБ прад’яўлена раней судзімай 42-гадовай жыхарцы Віцебску.
Следчыя здабылі доказы віны абвінавачанай. Генатыпаскапічная экспэртыза выявіла поўную адпаведнасьць канфіскаваных пры аглядзе месца здарэння генэтычных слядоў узорам, адабраным у абвінавачанай.
Падчас ператрусу ў яе дома канфіскаваныя рэчавыя доказы, якія паказваюць на падрыхтоўчыя да злачынства дзеянні: сшытак з запісамі пра выбуховыя рэчывы і спосабы вырабу выбуховых сумесяў, некалькі
самаробных выбуховых прылад, аналагічных па канструкцыі тым, якія выкарыстоўваліся пры здзяйсьненьні злачынства.
«Абвінавачаная цалкам прызнала віну ў здзяйсненні злачынства, узяла ўдзел у правядзенні следчага эксперыменту, дзе падрабязна апісала механізм вырабу самаробнай выбуховай прылады, а
таксама пры праверцы паказанняў на месцы паэтапна апісала парадак сваіх дзеянняў», — адзначыла Іна Гарбачова.
Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя ў пракуратуру Віцебскай вобласці для накіравання ў суд.