З'явілася відэа забойства Тарайкоўскага
У рэдакцыю Еўрарадыё перадалі відэа, на якім бачна, як 10 жніўня 2020 года ў Мінску на Пушкінскай плошчы загінуў Аляксандр Тарайкоўскі. Яно знятае з іншага ракурса — і дапаўняе ролік, вядомы раней.
![Кадр з відэазапісу агенцтва Associated Press, зробленага 10 жніўня 2020. Кадр з відэазапісу агенцтва Associated Press, зробленага 10 жніўня 2020.](/img/v1/images/2c34a597_1f16_4740_90e7_ad535234ad01_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кадр з відэазапісу агенцтва Associated Press, зробленага 10 жніўня 2020.
На відэа бачна, як Тарайкоўскі (гэта дакладна ён — ідэнтыфікавалі Conflict Intelligence Team і пацвердзіла жонка) ідзе да ланцугу сілавікоў. У яго ў руках нічога няма. Ён нічога не кідае ў іх бок. Далей — стрэл. Тарайкоўскі спыняецца і апускае рукі. Праз некалькі секунд ён упадзе — гэта бачна з другога відэа.
Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі агучвала зусім іншую версію гібелі пратэстоўцы на Пушкінскай плошчы:
"В ходе противостояния со спецназом, прибывшим для деблокирования площади, один из протестующих пытался бросить неустановленное взрывное устройство в сторону правоохранителей. Оно взорвалось в руке, мужчина получил травмы несовместимые с жизнью".
Відэа абвяргае гэтую версію.