З віцебскіх прадпрымальнікаў патрабуюць грошы на помнік Аляксандру Неўскаму
Ад імя адміністрацыі Кастрычніцкага раёна на кірмашах Віцебска распаўсюджваюць пісьмовае патрабаванне — паперкі з рэквізітамі банкаўскага рахунку, на які трэба пералічыць «сродкі ў суме, не меншай за 50 тысяч рублёў».

Зразумець гэта як просьбу пра дабрачыннае ахвяраванне прадпрымальнікі не могуць. Фраза пра тое, што «грошы прапануецца пералічыць на працягу пяці дзён» гучыць як загад. Тым болей, што дату пералічэння і нумар квітанцыі трэба паведаміць свайму падатковаму інспектару.
Энтузіязму ў прадпрымальнікаў такі зварот адміністрацыі Кастрычніцкага раёну не выклікаў. Найперш таму, што далёка не ўсё ставяцца прыхільна да ідэі ўсталяваць помнік расійскаму князю, жыццё якога з Віцебскам амаль што не звязана. Паводле легендаў, ён нібыта браўся шлюбам у віцебскай Дабравешчанскай царкве, але дакументальна гэта не пацверджана. Іншых «прывязак» да гораду ў гэтай асобы няма.
У 2009 годзе гарвыканкам вырашыў усталяваць у Віцебску адразу тры помнікі: князю Альгерду, легендарнай княгіні Вользе, якая нібыта заснавала Віцебск, і Аляксандру Неўскаму. Быў праведзены конкурс праектаў будучых помнікаў і вызначаны пераможцы. Што да помніка Аляксандру Неўскаму, то журы выказала шэраг крытычных заўвагаў, і ўрэшце помнік быў перароблены іншым мастацкім калектывам. Аўтарамі помніка, на які заклікаюць збіраць грошы, з'яўляюцца віцебскія скульптары Аляксандр Гвоздзікаў ды Іван Казак, а таксама Яўген Колчаў з Мінску.
Пляцоўка пад помнік была падрыхтавана яшчэ ў 2011 годзе: яна месціцца на плошчы Тысячагоддзя Віцебску, і пакуль што выконвае ролю клумбы.

У ліпені гэтага году было абвешчана, што помнік будуць узводзіць за пазабюджэтныя сродкі. У газеце «Віцьбічы» быў надрукаваны нумар адмыслова створанага рахунку. Цяпер на яго адкрыта змушаюць пералічваць грошы.
Паводле ўмоваў тэндэру, абвешчанага ЖКГ, помнік мусіць быць выраблены і ўсталяваны да траўня 2016 года. Кошт стварэння і ўстаноўкі помніка — 3 396 173 532 рублёў.
Гарадскія ўлады ўжо працяглы час спрабуюць давесці гараджанам, што гэты помнік патрэбны, а асоба Аляксандра Неўскага вартая ўшанавання. Гэтаму быў прысвечаны не адзін артыкул у дзяржаўнай прэсе, а ў кнігарнях прадаецца кніга «Віцебская галгофа», выдадзеная ў Смаленску ў 2012 годзе. Яе аўтар Анатоль Шлыкаў — «выканаўца абавязкаў панамара ў храме святой роўнаапостальнай княгіні Алены» — так ён сам прадстаўляецца чытачам. Спадар Шлыкаў піша тое, што «позіркі беларусаў увесь час накіраваны на Ўсход», што «расейцы і беларусы вымушаны шэсць стагоддзяў жыць у розных дзяржавах, але не забыліся, што выйшлі з адной калыскі і з'яўляюцца братамі», і што помнік Аляксандру Неўскаму дапаможа ў «братнім уз'яднанні».