За белыя аркушы на вокнах — штраф 50 базавых

Анастасію абвінавацілі ў «пікетаванні шляхам размяшчэння на акне 12-га паверха белага аркуша паперы». У справе было шмат нестыковак, аднак суддзю гэта не збянтэжыла

Анастасія Емяльянава

Анастасія Емяльянава

Сёння, 8 ліпеня, у судзе Савецкага раёна разглядзелі справу 36-гадовай Анастасіі Емяльянавай. Пратакол па ч.1 арт. 24.23 КаАП на яе склалі яшчэ 15 чэрвеня.

Тады да Анастасіі прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, вельмi моцна грукалi ў дзверы, казалі, што, калі яна не адчыніць, выклічуць МНС або ЖРЭА і будуць выломліваць дзверы. Анастасія Емяльянава адамкнула дзверы — i яе забралi ў Савецкае РУУС. Там канфіскавалі ўпрыгожанні i склалi пратакол, а потым зноў адвезлі дадому, дзе забралі яшчэ аркушы паперы.

У справе, што разглядалася ў судзе, было шмат нестыковак. Затрыманне скончылася ў 19:10, а ў 19:00 ужо быў зроблены агляд месца правапарушэння ў прысутнасці падсуднай, хоць у гэты час Анастасія знаходзілася яшчэ ў Савецкім РУУС.

Абвінавацілі Анастасію ў «пікетаванні шляхам размяшчэння на акне 12 паверха белага аркуша паперы».

Жанчына сцвярджае, што ён на акне ўжо не вісеў нават і 9 траўня, калі яго ўбачылі супрацоўнікі міліцыі. Белыя аркушы паперы жанчына размяшчае ва ўсім доме, каб вывучыць англійскую мову. На іх яна піша пераклад слоў, каб хутчэй іх запомніць.

Паводле яе слоў, Анастасія працуе дома, бо ёй трэба сядзець з непаўналетнім дзіцём. Дачка жанчыны мае пнеўмафіброз, таму ёй патрэбны асаблівы рэжым. Па гэтай прычыне Анастасія не можа наведваць курсы.

Стол з кампутарам стаіць на балконе, там яна вешае пераклад слоў на паперы, каб глядзець нават у перапынку паміж працай.

212636498_228742572418663_4790958751816918401_n_logo.jpg


Суддзя Савецкага раёна Аляксандр Воўк падчас суда прачытаў усе словы на тых аркушах паперы, якія забралі дома ў Анастасіі. У пісьмовых матэрыялах справы ёсць фотаздымкі вокнаў кватэры, але Анастасія не ўпэўнена, што гэта яе вокны.

Таксама ў матэрыялах быў спіс кватэр з белымі аркушамі на вокнах, аднак нумар яе кватэры там не значыўся. На гэтых фотаздымках нават не бачна нумара дому і нумарацыя пад'ездаў таксама адсутнiчае, таму нумары наўпрост самастойна дапісалі супрацоўнікі міліцыі.

У выніку суддзя палічыў віну Емяльянавай цалкам даказанай і аштрафаваў жанчыну на 50 базавых велічынь — 1450 рублёў.