«За кратамі Новы год сустрэлі 568 беларусаў». Святлана Ціханоўская заклікала дасылаць лісты палітвязням

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі выступіла са зваротам да суайчыннікаў.

image_2020_12_31_19_02_45.png

— Многія беларусы сустрэлі Новы год у коле родных і блізкіх,цытуе Святлану Ціханоўскую яе прэс-служба. — Але за кратамі яго сустрэлі 568 чалавек: 112 затрыманыя па артыкуле 23.34, 287 з'яўляюцца падазраванымі па крымінальных справах і 169 — палітвязні.

Ігар Лосік знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за паўгода. За паўтара месяцы да выбараў блогера арыштавалі і адправілі на Акрэсціна, стварыўшы невыносныя ўмовы ўтрымання. Ігара пазбаўлялі лістоў і прэсы, трымалі ў паўпадвальным памяшканні, дзе нельга зрабіць нават пару крокаў.

На зыходзе тэрміну затрымання Лосіку прад'явілі новае абвінавачванне — у знак пратэсту ён абвясціў галадоўку і трымае яе да гэтага часу, ужо тры тыдні. Сёння ў яго дачкі Паўліны дзень нараджэння.

«Паўліна — доўгачаканае дзіця, Ігар вельмі хацеў менавіта дачку. Імя выбіраў сам. Кожны вечар Паўліна бярэ мой тэлефон. На застаўцы ўсталяваны фотаздымак Ігара. Яна прыносіць свае цацкі, посуд, пачынае карміць тату... Шле паветраныя пацалункі, паўтарае «тата», — кажа жонка Ігара Дар'я Лосік.

Ігар ужо прапусціў першыя словы дачкі. Цяпер ён не зможа ўбачыць, як Паўліна задзімае дзве свечкі на торце. У яго адабралі гэтую магчымасць толькі за тое, што ён хацеў бачыць беларусаў свабоднымі і шчаслівымі.

Вярнуць Ігару паўгода жыцця, якія ён правёў у турме, немагчыма — як і вярнуць яму магчымасць абняць дачку. Але ў нашых сілах паскорыць яго вяртанне дадому і падтрымаць яго. Напішыце Ігару Лосіку і іншым палітвязням ліст. Яны — нашы героі, і яны павінны ведаць, што іх падтрымліваюць і чакаюць дома.

Нагадаем, што з гісторыяй кожнага палітвязня можна азнаёміцца на сайце http://politzek.me, а старонка http://vkletochku.org дапамагае адпраўляць ім лісты нават з-за мяжы і канфідэнцыйна.