Зайдэс адмовіўся закрыць «Поедем поедим», прапанаваў грошы на мемарыялізацыю Курапатаў

Сузаснавальнік рэстарацыі «Поедем поедим» Леанід Зайдэс выступіў з заявай, уклаўся з прамовай цягам 10 хвілін, на пытанні журналістаў не адказваў, паведамляе «Радыё Свабода».

40a0aebc_8f9f_44fc_9836_1793aebd8b5f_cx14_cy16_cw68_w1023_r1_s.jpg

«Доўгі час мы разглядалі канфлікт як непаразуменне бакоў, — пачаў Леанід Зайдэс свой выступ. — Мы трывалі і былі гатовыя сесці за круглы стол з людзьмі, якія пікетавалі рэстарацыю. Але стала зразумела, што вырашэнне пытання для пікетоўцаў не важнае, ім патрэбен уласна шум вакол Курапатаў. Са мной пачалі гаварыць на ўзроўні шантажу. А з шантажыстамі, як вядома, перамоваў не вядуць».

Зайдэс раскрытыкаваў прапанову актывістаў арганізаваць перанос рэстарацыі ў іншае месца.

«Гэта не вытрымлівае ніякай крытыкі найперш з тэхнічнага гледзішча, — адзначыў ён. — Адразу відаць, што такое прапануюць дылетанты. Таму яшчэ раз паўтару: з тымі, хто кідаецца пад машыны, мы размаўляць больш не збіраемся. Але будзем кантактаваць з партыямі і арганізацыямі, гатовымі ўшаноўваць памяць ахвяраў у Курапатах».

Зайдэс, як і раней дырэктарка Святлана Дубкова, падкрэсліў, што гэта сямейная рэстарацыя, а не забаўляльны комплекс. Ён гарантуе, што тут не будзе гучнай музыкі, фестываляў, салютаў у феерверкаў. Толькі спартовыя перадачы, дадаў ён.

Бізнэсовец нагадаў, што ў лістападзе 2012 году сузаснавальнікі звярнуліся ў Міністэрства культуры з прапановай фінансавання распрацоўкі канцэпцыі архітэктурнага рашэння мемарыяльнага комплексу. Агулам — больш за 10 пунктаў. Але рэалізаваць праект так не ўдалося — «не па нашай віне», сказаў ён.

Паводле аднаго з гаспадароў рэстарацыі «Поедем поедим», ягоныя калегі гатовыя да перамоваў з «адэкватным» грамадскімі арганізацыямі аб стварэнні музею і добраўпарадкаванні тэрыторыі Курапатаў.

Таксама ён адзначыў, што комплекс — гэта 80 працоўных месцаў, якіх сёння так не хапае Менску.

У момант, калі праводзілася прэс-канфэрэнцыя Зайдэса, абаронцы Курапатаў Вольга Мікалайчык, Леанід Кулакоў і Мая Навумава знаходзіліся за кратамі — яны былі арыштаваныя пасля спробы правесці акцыю пратэсту пад іншай рэстарацыяй Зайдэса, «Гранд Кушавэль» у цэнтры Мінску.