Затрымалі ўладальніка крамы «Мой модны кут» Валерыя Есіпёнка. Ён прыйшоў на суд да жонкі
У судзе Савецкага раёна Мінска сёння затрыманы ўладальнік крамы "Мой модны кут" Валерый Есіпёнка. Ён прыйшоў на суд да сваёй жонкі, паведамляюць праваабаронцы.
Уладальніка крамы "Мой модны кут" Валерыя Есіпёнка затрымалі ў чацвер у судзе Першамайскага раёна, дзе разглядаецца справа ягонай жонкі Алены, паведамляе «Еўрарадыё».
Алену Есіпёнак затрымалі два дні таму прама на працоўным месцы ў краме. "Мой родны кут" вядомы тым, што прадае сувеніры з нацыянальнай сімволікай.
За некалькі дзён да затрымання Алены ў краму з праверкай прыходзілі прадстаўнікі МНС. Яны выявілі шэраг парушэнняў. Для ліквідацыі гэтых парушэнняў крама павінна была зачыніцца.
Валерый Есіпёнак у момант затрымання жонкі знаходзіўся ў дарозе ў Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Паводле яго слоў, людзі, якія затрымлівалі яго жонку, сказалі, што забіраюць яе "нібыта за продаж незарэгістраванай сімволікі". Пазней стала вядома, што Алену будуць судзіць па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у адзіночным пікеце каля праезнай часткі каля ГЦ "Маскоўска-Венскі".
Тым часам суд у чацвер адправіў справу Алены Есіпёнак на дапрацоўку. Напярэдадні сведка-міліцыянт казаў, што бачыў, як Есіпёнак у цёмнай куртцы і цёмнай шапцы стаяла ў пікеце ля гандлёвага цэнтра. Аднак высветлілася, што ў гэты час Алена была на працоўным месцы. Акрамя таго, у яе белая куртка, а шапку яна не носіць.
У Валерыя і Алены Есіпёнак двое дзяцей.