Затрыманую экс-кіраўніцу «Радзіславы» Вольгу Гарбунову вінавацяць у арганізацыі жаночых маршаў
У МУС Беларусі назвалі леташнія жаночыя маршы «масавымі беспарадкамі» і заявілі, што працягваюць выяўляць датычных да іх.
«Жанчына працуе менеджарам у грамадскім аб’яднанні для асобаў, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. У жніўні і верасні летась яна кіравала так званымі жаночымі маршамі ў сталіцы. Пры гэтым сама выходзіла на праезную частку, перакрываючы дарожны трафік», — піша Радыё Свабода са спасылкай на МУС.
Вольгу Гарбунову прызналі падазраванай у крымінальнай справе за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» (арт. 342 КК). Фігурантка правяраецца на дачыненне да іншых «злачынстваў пратэставай накіраванасці», у тым ліку з выкарыстаннем службовага становішча.
Санкцыя артыкулу прадугледжвае пакаранне да 3 гадоў калоніі.
Вольга Гарбунова — псіхолаг, каля дваццаці гадоў працуе з жанчынамі, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, да 2016 года ўзначальвала арганізацыю «Радзіслава».