Мігранцкі крызіс: свет патрабуе рэакцыі на дзеянні Лукашэнкі

ЕС і Германія думаюць над узмацненнем санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі з-за міграцыйнага крызісу. Украіна ўзмацняе свае межы, а Польшча думае закрыць мяжу. Астатнія краіны, палітыкі і міжнародныя арганізацыі таксама не маўчаць.

fds_66jxoamzbxy.jpg


Аўстрыя, якая раней была бліжэйшым хаўруснікам афіцыйнага Мінска ў ЕС, асудзіла Беларусь, абвінаваціўшы яе ў адпраўцы мігрантаў да мяжы. Увоз і адпраўка мігрантаў уладамі Беларусі да мяжы з'яўляецца «парушэннем правоў чалавека і шантажом», заявіў кіраўнік МЗС Аўстрыі Міхаэль Лінхарт.

«Рэгулярна імпартаваць людзей і адпраўляць іх да мяжы — гэта адначасова парушэнне правоў чалавека і шантаж. Мы не будзем падыгрываць гэтаму», — сказаў Лінхарт. Акрамя таго, ён заявіў аб салідарнасці Аўстрыі з Польшчай і Літвой. Па яго словах, Еўрапейскі саюз павінен згуртавацца і рашуча абараніцца.

«Мы павінны перасцерагчы ад адпраўлення ў шлях людзей, якія добраахвотна трапляюць у закладнікі таталітарнага рэжыму. Імі злоўжываюць як безыменнай масай у цынічнай гульні», — адзначыў аўстрыйскі палітык.

Францыя гатовая разглядзець пытанне аб узмацненні мер супраць Мінска ў сувязі з сітуацыяй на польска-беларускай мяжы. «Мы салідарныя з Польшчай, што сутыкнулася з праблемай штучна створаных Мінскім міграцыйных патокаў», — прыводзіць ТАСС паведамленне французскага МЗС.

У французскім МЗС удакладнілі, што Парыж «імкнецца да скаардынаванага спосабу абароны знешніх межаў і гатовы разгледзець пытанне аб узмацненні мер супраць беларускага рэжыму, асоб і ўстаноў, якія маюць дачыненне да гэтага трафіку». Там заявілі, што гэтая тэма будзе разгледжана на нарадзе міністраў замежных спраў ЕС 15 лістапада.

Экс-прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка прапанаваў увесці «пякельныя санкцыі» супраць Лукашэнкі за міграцыйнае нашэсце на межах Польшчы і Літвы. «Выказваем шчырую салідарнасць і падтрымку дружалюбным Польшчы і Літве, якія супрацьстаяць цынічнаму інспіраванаму Лукашэнкам і Пуціным міграцыйнаму нашэсцю... Заклікаю міжнародную супольнасць актыўна дзейнічаць, каб не дапусціць гуманітарнай трагедыі і пакараць вінаватых. Найменшай міжнароднай карай стала б увядзенне пякельных санкцый не толькі супраць Лукашэнкі», — напісаў Парашэнка ў Telegram.

Уплывовае «Міжнароднае таварыства абароны правоў чалавека» (International Society for Human Rights) з Франкфурта-на-Майне класіфікавала дзеянні беларускіх уладаў на мяжы з Польшчай як «злачынства супраць чалавецтва» і «акт вайны супраць Еўропы».

І нават АДКБ «з заклапочанасцю назірае» за міграцыйным крызісам.