Затрыманы каардынатар Руху «За Свабоду»ў Баранавічах

Каардынатар Руху «За Свабоду» па Брэсцкай вобласці Юрый Казакевіч затрыманы ў Баранавічах. Яшчэ адна актывістка Руху Інга Абрамава затрыманая ў Брэсце на акцыі.

brest_aktyvisty.jpg

«Мяне ўзялі ля пад’езду», — сказаў сайту Pyx.by Юрый Казакевіч.

Прычыны затрымання невядомыя. На гэты момант сувязь з актывістам Руху «За Свабоду» адсутнічае.

У Брэсце затрыманая актывістка Руху «За Свабоду» Інга Абрамава. Яе забралі на месцы правядзення акцыі, распавёў сайту Pyx.by каардынатар Руху па Брэсце Дзяніс Турчаняк.

Дзве машыны брэсцкага АМАП прыехаў да дома блогера Дзмітрыя Гарбунова, каб затрымаць яго і актывіста АГП Аляксандра Кабанава, паведаміў сайту Pyx.by актывіст Руху Яўген Скрабутан. На гэты момант Кабанаў і Гарбуноў затрыманыя, сувязі з імі няма.

Двух актывістаў Руху «За Свабоду» выпусцілі пасля 3-гадзіннага затрымання у Слоніме і Пінску.

«Выпусцілі, тры гадзіны выпусцілі. Аддалі пратакол затрымання і апытання. Запытваўся, чаму мяне затрымалі, кажуць, вам жа вынеслі папярэджанне. Я кажу, дык гэта ж за 30 красавіка, і я нічога не праводзіў», — распавёў сайту Pyx.by актывіст Руху «За Свабоду» Алесь Масюк, якога  міліцыя забрала з плошчы на размову.

Па ягоных словах, «пералівалі з пустога ў парожняя». «Я кажу, давайце, я пайду да хаты, але цягнулі, каб тры гадзіны прайшло. У цэнтры ўжо ўсе разышліся. На плошчы амаль нікога не было», — сказаў Масюк.

Ля трох гадзінаў прабыў у пастарунку і каардынатар Руху «За Свабоду» у Пінску Алесь Рамановіч. Кажа, першапачаткова яго затрымалі для высвятлення асобы, але так як пры ім быў пашпарт,яго апыталі ў якасці сведкі па трох крымінальных справах. Прычым адна з іх адбылася пад час ягонага 15-суткавага арышту.

«Участковы даведаўся, што ў мяне быў пашпарт, і адвёў мяне ў аддзел па крымінальных справах, дзе мяне ўвесь гэты час апытвалі як сведку па крымінальных справах. Адна з іх мела месца з 15 на 16 у красавіку ноччу, у той час, калі я сядзеў 15 сутак», — распавёў сайту Pyx.by Рамановіч.

Па ягоных словах, зараз ён накіроўваецца дадому, на плошчу ісці сэнсу няма, бо там было ўсё перакрыта, каб людзі не змаглі сабрацца.

Вольга Быкоўская, pyx.by