Жыхарку Івацэвічаў другі раз судзяць за абразу аднаго і таго ж міліцыянта. Раней яе судзілі за смайлік-«какашку»

33-гадовая Вольга К. з Івацэвічаў другі раз паўстала перад судом за абразу мясцовага супрацоўніка міліцыі Руслана К, піша «Ганцавіцкі Час».

sud_iva_0102jhj2022_1030x700.jpg

Суд зноў праходзіць у закрытым рэжыме, як і ў мінулы раз, міліцыянт заяўляў такое хадайніцтва. Таму не вядомыя абставіны справы — як менавіта жанчына абразіла супрацоўніка.

Пасяджэнне 18 студзеня перанеслі, таму што абвінавачаная захварэла.

Папярэдні раз Вольгу К. судзілі ў Івацэвіцкім судзе ў жніўні 2021 года за абразу Руслана К. у адным з тэлеграм-чатаў. Сярод іншага, у адрас міліцыянта жанчына апублікавала смайлік-«какашку».

Па той справе суд прызначыў Вользе 2 гады хатняй «хіміі». Акрамя таго, яна павінна была выплаціць пацярпеламу міліцыянту 2 тысячы рублёў.

Жанчына працуе рамесніцай, яна адна выхоўвае дзіця.

Варта адзначыць, што 18-19 студзеня ў судзе ў Івацэвічах разглядалася падобная справа — за абразу прадстаўніка ўлады Мікалаем Ч. (таксама артыкул 369 КК РБ). Аднак абставіны справы невядомыя — гэты суд таксама праходзіць у закрытым рэжыме.