Па палітычных матывах у галіне культуры звольнілі больш за 300 чалавек
Больш за 300 чалавек звольнілі з устаноў культуры за «палітыку». Такую лічбу назваў кіраўнік ведамства Анатоль Маркевіч.
«Не схаваю, што праводзілі і праводзім сур'ёзную працу
па тых нашых супрацоўніках, работніках, якія займаюць дэструктыўную пазіцыю.
Маё глыбокае перакананне — што на двух крэслах знаходзіцца не атрымліваецца.
Гэта недазваляльна. Трэба вызначыцца, у рэшце рэшт. З гэтых меркаванняў больш
за 300 чалавек з нашых калектываў папрасілі. І лічу гэта правільным», —
цытуе «СБ. Беларусь сегодня» словы міністра культуры.
Адным з самых гучных звальненняў апошняга часу, пра якое
расказвала «Еўрарадыё», было звальненне Алены Ляшковіч — дырэктаркі літаратурнага
музея Янкі Купалы. Яе звольнілі за адмову звальняць супрацоўнікаў па «палітычных» прычынах.
Пры гэтым чыноўнік прызнаў, што ўвогуле работнікаў ва
ўстановах культуры ў краіне недастаткова: па краіне забяспечанасць кадрамі
складае толькі 96%. Самы нізкі паказчык (93%) — на Гродзеншчыне.
Маркевіч заявіў, што пасля абавязковай адпрацоўкі ў культуры застаюцца працаваць толькі 50%, а 36% зусім пакідаюць гэтую сферу.
Заробкі ў сферы культуры (а гэта музейныя работнікі, бібліятэкары і г. д.) — адны з самых нізкіх па краіне.