Астаповіч заклікае да байкоту забудоўшчыкаў — знішчальнікаў сталічнай спадчыны
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч заклікае да байкоту забудоўшчыкаў — знішчальнікаў сталічнай спадчыны.
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч заклікае да байкоту забудоўшчыкаў — знішчальнікаў сталічнай спадчыны.
У каментары “НЧ Астаповіч адзначыў, што таварыства не першы дзень спрабуе з пазіцый, аргументаваных нацыянальным заканадаўствам, міжнароднымі метадычнымі дакументамі і элементарным здаровым сэнсам, давесці да ўладаў Мінска і Міністэрства культуры неправамернасць і памылковасць праектнай прапановы па забудове правага боку старажытнай вуліцы Зыбіцкай (былая Гандлёвая) — унікальнага кутка нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Гістарычны цэнтр Мінска.
Аднак, паводле яго слоў, у парушэнне шэрагу палажэнняў заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, без належнай дыскусіі, без прадугледжанай пастановай Савета міністраў працэдуры грамадскага абмеркавання праектных рашэнняў на тэрыторыі помнікаў дойлідства працягваецца праектаванне, рэалізацыя якога прывядзе да:
1. Прынцыповага змянення аўтэнтычнай планіровачнай структуры, ландшафту і спосабу забудовы Гістарычнага цэнтру Мінска;
2. Фальсіфікацыі схемы чырвоных ліній гістарычнай забудовы;
3. Знішчэння і страты без адпаведных навуковых фіксацый і належнага вывучэння, наяўных і абсалютна не вывучаных элементаў высокашчыльнай гістарычнай гарадской забудовы;
4. Стварэння новай горадабудаўнічай сітуацыі, якая пазбаўляе гісторыка-культурную каштоўнасць яе якасных характарыстык і не дазваляе праводзіць далейшую работу ў адпаведнасці з дзеючымі рэстаўрацыйнымі методыкамі.
Як паведаміў Астаповіч, інвестарамі забудовы па праваму боку Зыбіцкай з’яўляюцца ТАА “БелінжынірынгбудІнвест, ТАА “ІнтэрРосПрамБуд і СТАА “Славічы. Паводле яго слоў, 22 лютага на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры для далейшага праектавання ўзгоднены архітэктурна-планіровачныя рашэнні квартала № 1 па праваму боку Зыбіцкай, забудоўшчыкам якога з’яўляецца “БелінжынірынгбудІнвест.
“Паколькі гэтая кампанія зарэгістравана ў Мінгарвыканкаме меньш года таму, можна зрабіць выснову, што асноўная мэта яе — не правядзенне дасканалых прац на ўнікальным помніку горадабудаўніцтва, а атрыманне найбольшых прыбыткаў і ўзвядзенне аб’екта, які не мае нічога агульнага з гістарычным Мінскам. Гэта азначае, што ў чарговы раз нашая спадчына становіцца ахвярай фінансавых інтарэсаў абмежаванай купкі асобаў, якім не цікавы клопаты грамадства і дзяржавы, — падкрэсліў старшыня таварыства.
На яго думку, рэалізацыя праекта немагчымая, калі ён не будзе мець камерцыйных перспектыў. “А перспектывы — ўдзел суінвестараў, набыццё плошчаў ва ўзведзенай нерухомасці ці яе арэнда, — сказаў Астаповіч.
Ён выказаў спадзяванне, што прадпрымальнікі не толькі шукаюць выгаду любымі шляхамі, але і маюць пачуццё адказнасці перад грамадствам, Бацькаўшчынай, яе гісторыяй і культурай.
Старшыня грамадскага аб’яднання заклікаў забудоўшчыкаў і іх партнёраў адмовіцца ад рэалізацыі сваіх планаў, якія прынясуць неацэнную шкоду гісторыка-культурнай каштоўнасці “Гістарычны цэнтр Мінска. Астаповіч заклікаў прадпрыемствы, установы і прадпрымальнікаў, якія плануюць удзельнічаць у праекце, ці эксплуатаваць памяшканні ў пабудаваным комплексе, адмовіцца ад сваіх намераў. Старшыня таварыства заклікаў грамадзян краіны і СМІ падтрымаць байкот аб’екта ў Гістарычным цэнтры Мінска, які канчаткова знішчыць перспектывы навукова-абгрунтаванага аднаўлення адной з самых каштоўных гістарычных тэрыторый беларускай сталіцы.
На здымку: від на забудову вуліцы Гандлёвай і Верхняга гораду пачатку XX стагоддзя