Беларусы Швецыі паставілі «Тутэйшых» з удзелам Стэфана Эрыксана (фота)

У Стакгольме 12 красавіка тэатральны гурток беларускай дыяспары паставіў урывак з п’есы «Тутэйшыя» Янкі Купалы.



f316ff67_8eaa_4251_82e3_4c53efbf7251_w640_r1_s.jpg

Некалькі месяцаў таму творчы калектыў «Беларусаў Швецыі» вырашыў паставіць п’есу «Тутэйшыя» Янкі Купалы. Каардынатарам ініцыятывы выступіла Галіна Краснянская — адна з заснавальніц афіцыйнай суполкі дыяспары. Муж Галіны падрыхтаваў асноўныя дэкарацыі для пастаноўкі.

gdb.rferl.org__3c93d602_92c4_4_8eb1057a30516bf88c6f4e08dd8aff6d.jpeg

Першапачаткова меркавалася паставіць п’есу цалкам, але пазней вырашылі выкарыстаць пяць найбольш цікавых сцэнаў. Як распавяла Галіна Краснянская, былі абраныя фрагменты, якія паказваюць змены ўплываў Захаду і Усходу на Беларусь, а таксама прыстасаванства асобных беларусаў. 

 

Прэм'еру спектаклю ладзілі ў раёне Грондаль на захадзе Стакгольму. Мікіту Зносака сыграў Сяргей Андросенка, Янку Здольніка — Юры Кажура (старшыня Рады Згуртавання Беларусаў Швецыі), Аленку — Вольга Лёвіна, даму (мяшчанку) — Ганна Ціханава, маці Мікіты — Галіна Краснянская. Ролю прафесара Спічыні, правобразам якога быў заснавальнік і першы рэктар БДУ Уладзімір Пічэта, выконваў прафесар аднаго са стакгольмскіх універсітэтаў, гісторык Андрэй Катлярчук. На ролю заходняга вучонага запрасілі Стэфана Эрыксана, былога амбасадара Швецыі ў Беларусі, які з'яўляецца актыўным аматарам беларускай літаратуры, культуры, перакладнікам мастацкіх тэкстаў з беларускай мовы на шведскую, а цяпер працуе ў Міністэрстве замежных справаў Швецыі.

gdb.rferl.org__b3576c0e_5d48_4_0fd3f6eb87edd2a478fa0410ce368528.jpeg

Адзін з удзельнікаў пастаноўкі прафесар Андрэй Катлярчук задаволены, што на спектакль прыйшло шмат новых людзей, якія даўно ня бралі ўдзелу ў мерапрыемствах дыяспары.

«Усе добра вывучылі ролі, мелі пазітыўны настрой, былі апранутыя ў нацыянальныя строі ці адпаведнае ролі адзенне, пэўны каларыт дадаваў і прынесены самавар царскіх часоў, — распавядае Катлярчук. — Выдатна атрымаўся дыялог Стэфана Эрыксана (заходняга вучонага) і Галіны Краснянскай (усходняга вучонага). Роля Стэфана была асабліва для яго няпростая, бо цалкам гучала на польскай мове. Вось чаму напярэдадні прэм’еры ён не толькі вельмі адказна яе вывучыў, але і пракансультаваўся з беларусамі, якія валодаюць польскай, наконт вымаўлення.

gdb.rferl.org__2d8ccf9a_d401_4_9f9c7cf42a8192afd9e38efd0c8ae4ac.jpeg

Катлярчук адзначае, што спектакль «Тутэйшыя» — гэта першая беларускамоўныя пастаноўка ў Швецыі:

«На сёння я ведаю дзве сучасныя пастаноўкі п’есы „Тутэйшыя“ — адна ў выкананні Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы (у Мінску) і другая — мастацкі фільм, зняты тэлеканалам „Белсат“. Пастаноўка ў Швецыі — гэта новая спроба адрадзіць і данесці да публікі твор вялікага класіка Янкі Купалы — чалавека, тэксты якога не старэюць».

Арганізацыя «Sveriges Belarusier» («Беларусы Швецыі») як афіцыйнае аб’яднанне беларускай дыяспары існуе ўжо 6 гадоў. Арганізацыя ня мае дакладна вызначанага палітычнага ці рэлігійнага профілю, яна яднае беларусаў розных узростаў і прафесіяў і палітычных поглядаў.

Ірына Азаранка, для Радыё Свабода