Далягляды спадарыні Арыны

Бадай, адной з самых вялікіх праблем сённяшняга этапу развіцця айчыннага музычнага рынку з’яўляецца недастатковая колькасць прадзюсераў, якія б генерыравалі свае ідэі і ўкладалі сродкі ў рэалізацыю арыгінальных праектаў. А калі ідзе размова пра нацыянальна арыентаваныя прадзюсерскія сілы, то ўвогуле трэба казаць пра кадравы недахоп.



a60937eba57758ed45b6d3e91e8659f3.jpg

Бадай, адной з самых вялікіх праблем сённяшняга этапу развіцця айчыннага музычнага рынку з’яўляецца недастатковая колькасць прадзюсераў, якія б генерыравалі свае ідэі і ўкладалі сродкі ў рэалізацыю арыгінальных праектаў. А калі ідзе размова пра нацыянальна арыентаваныя прадзюсерскія сілы, то ўвогуле трэба казаць пра кадравы недахоп.
Але ўслед за прыкладам знакамітага «рухавіка» сучаснай беларускай музычнай культуры, кіраўніка лэйбла БМАgroup Віталя Супрановіча, да справы выдання нацыянальных музычных праектаў далучаюцца ўсё больш і больш зацікаўленых асобаў, які здабываюць такі неабходны выдавецкі вопыт, шукаюць «залатую сярэдзіну» паміж мастацкай вартасцю сваіх рэлізаў і камерцыйным попытам на іх.
Адным з такіх выдаўцоў-прадзюсераў, які сваімі праектамі ўзбагачае сучасную беларускую музычную культуру, можна назваць Арыну Вележ, якая дэбютавала ў якасці прадзюсера ў 2001 годзе супольным з БМАgroup агульнабеларускім музычным праектам «Легенды Вялікага Княства». Праект быў задуманы і рэалізаваны як цалкам еўрапейскі і па свайму рэпертуару, і па вонкаваму афармленню ў выглядзе дыгіпака-складанкі. Высокую якасць выдання адзначылі беларускія і замежныя музычныя аглядальнікі, а таксама шматлікія слухачы, якія набылі унікальнае выданне. Поспех «Легендаў» спарадзіў працяг праекта: Арына завяршыла складаную прадзюсерскую працу, і яе намаганнямі быў падрыхтаваны дыск «Старажытная Зямля. Гістарычная музыка Беларусі», які зноў жа пабачыў свет на БМАgroup. Рэалізацыя гэтых арыгінальных праектаў высунула Арыну Вележ у лік найбольш аўтарытэтных незалежных прадзюсераў Беларусі.
Апошнім часам творчая скарбонка Арыны папоўнілася новымі выданнямі. Гэтыя дыскі і іх праграмы часцяком называюць супярэчнымі, але пры больш дасканальным разглядзе ўпэўніваешся — мы маем справу з новым крокам у справе захавання і адраджэння нацыянальнай культуры.
Музыка сядзіб і палацаў
Упэўнены, што цікавасць да дыска «Medieval. Музыка сярэднявечных фэстаў» будзе забяспечана тым, што прадзюсер адабрала для яго праграмы трэкі медыевальных гуртоў, якія ў большасці не маюць сваіх сольных дыскаў. На жаль, многія з іх, як заўважае Арына, недастаткова надаюць увагу беларускаму па паходжанню рэпертуару, а засяроджаны на еўрапейскай музыцы. Гэтыя творы, што, верагодна, гучалі і на тэрыторыі Беларусі, цяпер аб’яднаныя пад адной вокладкай. Гурты, якія прадстаўлены на гэтым дыску, дарэчы, датаваным 2008 годам, — актыўныя ўдзельнікі фэстаў сярэднявечнай музыкі («Лошыцкі фэст», «Старажытная зямля»), завадатарам якіх да сённяшняга часу з’яўляецца спадарыня Арына. А ўсё пачалося з захаплення айчыннай гісторыяй, гісторыяй рыцарства ў Беларусі. Шмат часу і энергіі Арына Вележ аддае арганізацыйнай працы моладзевага клуба «Рыцары Вялікага княства», удзельнікі якога адраджаюць рыцарскія традыцыі ВКЛ. Гэта зацікаўленасць заўсёды ішла паралельна з вывучэннем айчыннай музычнай спадчыны, з крокамі па яе адраджэнню і папулярызацыі, спачатку ў асяроддзі музыкантаў, а пасля і сярод слухачоў.
Вынікам гэтай працы, у тым ліку і спадарыні Арыны Вележ, стала трывалая тэндэнцыя, калі беларускія выканаўцы і гурты старажытнай музыкі пачалі шукаць сваю творчую тоеснасць у айчынным культурным кантэксце. Напрыклад, у рэпертуары гурта сярэднявечнай музыкі «Lituus» (Баранавічы) большасць п’ес — айчыннага паходжання («Полацкі сшытак», «Віленскі сшытак»). Але ў баранавіцкіх музыкаў ёсць і музычныя творы заходнееўрапейскіх аўтараў мінулага, якія з поспехам выконваюцца на айчынных і замежных музычных фэстах. І не звяртаць увагу на гэту частку творчасці гурта «Lituus», як іншых медыевальных выканаўцаў, было б несправядліва. Бо мы, беларусы, не без падстаў лічым сябе часткай еўрапейскага культурнага мацерыка!
Гэты пасыл прадзюсера Арыны Вележ і падкрэслівае альбом «Medieval. Музыка сярэднявечных фэстаў». Мо таму так яскрава гучаць творы ад іншых выканаўцаў, якія прадстаўлены на дыску. Увагу слухачоў, безумоўна, прыцягне выканаўчы прафесіяналізм удзельнікаў гурта «Brevis», якімі кіруе Павел Сурагін, узрушыць гучанне еўрапейскіх танцавальных рытмаў пад беларускую дуду ў цудоўным выкананні Юрася Панкевіча і яго капэлы «Testamentum Terrae», зачаруе ірландскі меладызм, які спавядае гурт «Ceilidh Ceol» і яго заснавальнік Алесь Чумакоў.
Да таго ж, праца Вележ упершыню знаёміць з таленавітымі выканаўцамі старажытных мелодый, якія яшчэ не паспелі выдаць свае дыскі. Думаю, слухачам цікавым падасца гурт «Ліцвінскі хмель», творчасць якога вельмі горача прымаюць наведвальнікі медыевальных фэстаў. Гэта тычыцца, напрыклад, такой знакамітай шведскай песні, як «Herr Mannelig» у арыгінальнай апрацоўцы музыкантаў «Ліцвінскага хмелю» з жаночым вакалам. Дарэчы, гэта кампазіцыя дае падставы для параўнанняў: тая ж старажытная мелодыя натхніла і беларускіх рок-музыкаў з гурта «LitvinTroll». Вось чаму дыск «Medieval. Музыка сярэднявечных фэстаў» стане жаданым папаўненнем айчыннай медыевальнай фанатэкі, а таксама збораў аматараў старажытных мелодый у арыгінальных апрацоўках...
Сялянская папса
Чарговы дыск прадзюсера — «Вясковая лірыка. Рамансы, дрындушкі» выклікаў даволі гарачую дыскусію пра мэтазгоднасць такіх спрэчных праектаў. Чаму так адбылося? Таму, што Арына Вележ вырашыла прадставіць узоры сучаснага «фальклору», які часцяком нараджаецца пад уздзеяннем сродкаў масавай інфармацыі суседняй краіны, русіфікацыі беларускай вёскі з суцэльным дамінаваннем «трасянкі». Па сутнасці, на дыску з цудоўнай назвай «Вясковая лірыка» хаваецца зборнік сучаснага кіча, які не мае амаль нічога агульнага з сапраўдным фальклорам. Кшталту такіх «шэдэўраў»:
Слышу шагі там раздаюцца,
Наверна мілый мой ідёт.
Но он савсем другую, другую
Девушку ведет...
Вазьму наган
У свае я рукі.
Пайду ў садочак я гуляць.
А там в зялёненькам садочку
закончу сваю я любоў.

Крытыкі гэтага праекта адзначаюць, што па-сутнасці, такая «народная творчасць» забівае спеўную душу народа, стварае падставы для падмены фальклору з яго паэтыкай і сакральнасцю квазі-варыянтам, які ўжо стаў візітоўкай «Дажынак» і «Славянскага базару» («...у Беларусі знайшліся рупліўцы, каб пільна захаваць засмарканыя парцянкі нашых першых акупантаў-перасяленцаў». В. Мартыненка, http://belmusic.org).
Але Арына бярэ на сябе адказнасць і выдае зборнік беларускага фолк-кіча. Бо лічыць, што і гэты напрамак псеўдамастацтва парадаксальна адлюстроўвае тыя складаныя культурныя і моўныя працэсы, якія адбываюцца на вёсцы. Яны маюць негатыўную афарбоўку, але не заўсёды. Вось спробу адшукаць пазітыўныя тэндэнцыі ў гэтым працэсе ставіць за мэту А. Вележ. Напрыклад, частку музычнай праграмы «Вясковая лірыка» складаюць інструментальныя п’есы ў выкананні простых вясковых музыкаў. Упэўнены, «Падыспань», «Вальсок» альбо «Танга» з «Полькай» дадуць айчынным фолк- і медыевальным выканаўцам шмат падстаў для разваг наконт таго, як павінен гучаць сапраўды беларускі музычны гурт, што ёсць сапраўднае беларускае гучанне.
Да таго ж, сярод гэтай падборкі кіча ёсць сапраўдныя «хіты», якія, нягледзячы на наша непрыняцце «трасянкі» і псеўда-фолку, выклічуць едкі смех. Вось, напрыклад, пра што распавядаецца ў «Жорсткім рамансе»:
Аднажды была гімназістка, я с ней в Ленінграде был знаком.
Патом она стала данцісткай, імела врачебный діплом...

Далей ідзе традыцыйны расповед пра «няшчасную любоў», «ізмену» і тое, што «аднажды ў сырую пагоду я зубы свае застудзіў». І вось — выратавальны візіт да дантыста, да былой каханкі, якая мае свае планы на помсту:
А жэншчына-ўрач маладая скруціла мне рукі назад.
Чатыры здаровыя зубы ўсе вырвала Надзя падрад.
В тазу мае зубы ляжалі, а я, как рабёнак, рыдаў,
А жэншчына-ўрач хахатала, па голасу Надзю ўзнаў.
— Уйдзі ж з майго кабінэта, бяры свае зубы ў карман,
Насі свае зубы ў карманах і помні з данцісткай раман.

І такіх «шэдэўраў» дастаткова, каб асэнсаваць тое, што робіцца з сучасным беларускім фальклорам. І зрабіць нешта для яго захавання і папулярызацыі. Нават такімі сродкамі, якімі гэтага робяць некаторыя беларускія фолк-выканаўцы. Маю на ўвазе гурт «Джамбібум», удзельнікі якога зрабілі сваю сатырычную апрацоўку песні «Кіпарысы», што прадстаўлена на дыску. Вось яшчэ адзін станоўчы вынік спрэчнага рэлізу: мы смяёмся (хоць іншы раз хочацца плакаць!), значыць — існуём.
Ад родных ніў
Лагічна, што пасля «Вясковай лірыкі» спадарыня Арына вырашыла засяродзіцца на ўзорах сапраўднай народнай музыкі і тым самым паўтарыць поспех і ўклад у скарбонку нацыянальнай культуры праектаў «Легенды Вялікага Княства» і «Старажытная Зямля». Такім крокам стала выданне новай фолк-энцыклапедыі «Спевы Беларусі», якую Арына ажыццявіла ў супрацы з вядомым спецыялістам-фалькларыстам Таццянай Песнякевіч. Іх намаганнямі быў выдадзены зборнік аўтэнтычнага беларускага фальклору розных рэгіёнаў нашай краіны, запісы якога былі зроблены на працягу апошніх сарака гадоў. На дыску прадстаўлена ўся тэматычная разнастайнасць нацыянальнага фальклору: вясельныя спевы, калядкі, купальскія і веснавыя і побытавыя песні.
І тут зацікаўлены слухач заўважыць тыя каласальныя адрозненні, якія ляжаць паміж псеўдафальклорам «Вясковай лірыкі» і глыбіннымі нацыянальнымі каранямі мелодыкі «Спеваў Беларусі». Гэтую прорву адразу ж адчуеш, калі ўслухаешся ў такія народныя шэдэўры, як купальская песня «Яна Купала» з яе старажытным таямнічым сэнсам і традыцыйным шматгалосным распевам. Гэта гучаць запісы спеваў гурта з вёскі Раеўчшына Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці.
Традыцыйна такія праекты ўключаюць і інструментальныя нумары. Гэта стымул для айчынных фолк- і фолк-мадэрн-выканаўцаў шукаць новыя адценні ансамблевага гуку, больш ярка і чыста выкарыстоўваць магчымасці народных інструментаў, а таксама шляхі іх гарманізацыі ў гурце. Упэўнены, што маладыя музыкі, якія вырашаць, што яны ўсё ведаюць пра асаблівасці нацыянальнага выканання, шмат чаго змогуць узяць, напрыклад, ад музыкаў гурта вёскі Старое Сяло Магілёўскай вобласці, якія з агеньчыкам выконваюць на дыску знакамітую «Лявоніху», або ад мелодый «Мазуркі» і «Кадрылі» ў выкананні «чалавека-аркестра» Станіслава Маленчыка, які прыцягвае ўвагу слухачоў сваёй віртуознасцю і універсальнасцю. І такія пачуцці ад сустрэчы з сапраўдным мастацтвам узрастаюць ад песні да песні, ад трэка да трэка дыска «Спевы Беларусі»!
Шкада, што такія цудоўныя па сэнсу праекты часам суправаджаюцца не вельмі якасным афармленнем. Пра гэта прыходзіцца ўзгадваць, бо надпісы назваў трэкаў і выканаўцаў на «Спевах Беларусі», нават пры добрым зроку, чытаюцца вельмі цяжка. А гэты недахоп псуе добрае ўражанне ад усяго альбома.