Фемінісцкае пасланне ад Кладын Мантэй

У Вільні адбылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная спадчыне Сымоны дэ Бавуар і постфемінісцкаму стану ў 21 стагоддзі.

simonedebeauvoir_702x336_logo.jpg


Канферэнцыю зладзілі супрацоўнікі Цэнтру гендарных даследаванняў ЕГУ прафесарка Альміра Усманава і лектар Уладзіслаў Іваноў. Прычынай і асноўнай крыніцай натхнення канферэнцыі сталася 70-годдзе публікацыі эсэ «Другі пол» (1949) Сымоны дэ Бавуар (1908-1986), твора, які змяніў жыцці мільёнаў кабетаў у свеце. Твор, які дасюль займае розумы шматлікіх даследнікаў, перакладчыкаў і чытачоў. Твор, які дасюль цалкам не перакладзены на беларускую мову. Гэта адна з апошніх еўрапейскіх моваў, на якую эсэ так і не было перакладзенае. Уступ і кавалак першай часткі твору перакладзеныя і даступныя ў сеціве, надрукаваныя ў апошнім нумары 21 часопіса «Прайдзісвет».
Не толькі аналіз твору і ягонага ўплыву разглядаўся і аналізаваўся на канферэнцыі ўдзельніцамі і ўдзельнікамі з Францыі, Швецыі, Фінляндыі, ЗША, Беларусі, Літвы і Камеруну, таксама ў цэнтры ўвагі месціўся панятак постфемінізму, постфемінісцкага стану і шматлікія выклікі сучаснаму фемінізму (эканамічная няроўнасць, вяртанне правага і часта антыфемінісцкага дыскурсу, вяртанне і ціск рэлігійнага чынніку на пытанне гендарнай роўнасці, дапамогу тэхнічнага прагрэсу эмансіпацыі і г.д.). Да працы далучыліся спецыялісткі і спецыялісты розных кірункаў: паліталогіі, філасофіі, сацыялогіі, літаратуразнаўства, гісторыі, тэатразнаўства і фемінісцкага актывізму.

9782863919576_g_logo.jpg


Спецыяльнай госцей канферэнцыі сталася Кладын Мантэй (псеўданім Мантэй, па пашпарце Сэр), французская пісьменніца, феміністка, былая дыпламатка, гістарыца, таварышка Сымоны дэ Бавуар. На шмат маладзейшая за Сымоны дэ Бавуар, Кладын Мантэй, тым не менш, далучылася да фемінісцкага руху ў канцы 60-ых гадоў мінулага стагоддзя і звязалася сяброўствам з філосафкай і аўтаркай «Другога полу». Апошнія пяцьдзесят год Кладын Мантэй актыўна ўдзельнічае ў французскім і, шырэй гледзячы, еўрапейскім фемінісцкім руху: прайшла шлях ад вулічных змаганняў да ўзначальвання французскай секцыі Еўрапейскага жаночага Лобі. Праз міжнародныя арганізацыі Кладын Мантэй спрыяе прасоўванню правоў жанчынаў як у ЕС, так і ў свеце. Ейнаму пяру належаць шматлікія кнігі, прысвечаныя жыццю і дзейнасці Сымоны дэ Бавуар: Каханкі свабоды, Сартр і Бавуар, 1999; Сёстры Бавуар, 2004; Сымона дэ Бавуар, з боку жанчынаў, 2006; Сымона дэ Бавуар, сучаснасць і ангажаванне, 2009; Сымона дэ Бавуар і сучасныя жанчыны, 2011. Таксама піша дэтэктывы.

kljadyn_mantej_logo.jpg


Падчас канферэнцыі ў Вільні Кладын Мантэй выступіла з лекцыяй “Сведчанне актуальнасці ангажавання Сымоны дэ Бавуар у 21 стагоддзі”. Таксама выступіла з лекцыяй у Віленскім унівэрситэце – “Жанчыны ў дыпламатыі”. Сцісла пасланне паслядоўніцы Сымоны дэ Бавуар можна падаць цытатай аўтаркі «Другога полу»: «Ніколі не забывайце, што дастаткова адной палітычнай, эканамічнай ці рэлігійнай крызы, каб паставіць пад сумнеў жаночыя правы. Гэтыя правы ніколі не дасягнутыя цалкам. Заставайцеся ўвесь час пільнымі». Прыклад іранскіх ці аўганскіх жанчынаў выдатна ілюструе пагоршанне ў правах жанчынаў: іранкі за шахам і аўганкі ў даталібанскі перыяд не проста жылі адкрыта, апраналіся вольна, на заходні манер, але і карысталіся куды большымі правамі, чымся цяпер. Найноўшыя прыклады таго, як ставяцца пад сумнеў гендарныя дасягненні – Турэччына і Туніс, дзе перамога рэлігійных і кансерватыўных рухаў вядзе да таго, што кабеты губляюць роўны мужчынам статус у эканоміцы, палітыцы ці ў спадкаванні. Выступоўца з Камеруну, фатографка, арт-актывістка і феміністка Шанталь Эдзі Нтумбэ прадэманстравала, як традыцыйная культура працягвае перашкаджаць эмансіпацыі жанчынаў, традыцыя пасагу руйнаваць лёсы і штучна ствараць розныя эканамічныя катэгорыі жанчынаў – пабратых шлюбам, а таму інтэграваных у грамадства і бязшлюбных маргіналізаваных.

img_2517_1_logo.jpg


Цікава, як Кладын Мантэй удала асучасніла спадчыну выбітнай экзістэнцыялісткі, параўнаўшы дзейнасць маладой экалагічнай актывісткі з Швецыі Грэты Тунбэрг з прынцыповым актывізмам і адданым ангажаваннем Сымоны дэ Бавуар, няхай і ў іншую, але глабальную справу. Для Кладын Мантэй няма сумневу, што сёння Сымона дэ Бавуар першай падтрымала б Грэту Тунбэрг. Пры гэтым госця прыгадала дзейнасць іншай з сям’і Бавуараў – Элен дэ Бавуар (1910-2001), сястры Сымоны дэ Бавуар і выдатнай мастачкі. Якраз у карцінах яна звяртала ўвагу на экалагічыя тэмы і на тэму кабеты, адкінутай культурай у сферу прыватнага, нябачнага, няіснага, маргінальнага. Элен дэ Бавуар была не проста мастачкай і малодшай сястрой выбітнай філосафкі, але і папярэдніцай Грэты Тунбэрг.
Кажучы пра будучыню фемінізму, французская госця засталася вельмі аптымістычнай і звярнулася асабліва да маладых з своеасаблівым пасланнем: яна параіла перадусім выцягваць з ценю ўсе забытыя імёны жанчынаў, якія пісалі, малявалі, стваралі і засталіся забытымі – і не проста выцягваць іх з забыцця, а пісаць пра іх у вікіпедыі – рабіць іх бачнымі, вядомымі. Зрэшты, яна параіла абапірацца на эфектыўны досьвед арабскай вясны і руху Me#Too – выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, новыя тэхналогіі, не маўчаць, а выкрываць факты маргіналізацыі, няроўнасці, гвалту і змагацца за сваю свабоду. У час Сымоны дэ Бавуар у жанчынаў не было такіх каналаў і зброі супрацьстаяць патрыярхату.
Да ўсяго ў прыватнай размове Клядаын Мантэй прызнала, што, мажліва, для сучасных беларусак кніга Сымоны дэ Бавуар не такая рэвалюцыйная, як яна была для францужанак, бо, сапраўды, савецкія кабеты, у тым ліку і беларускі, зведалі свой шлях эмансіпацыі, часьцяком куды смялейшы і больш радыкальны (з усімі мінусамі і дасягненнямі), а да ўсяго значна апярэдзіўшы францужанак у дасягненні многіх палітычных і сацыяльных правоў. Тым не менш, на сучасным этапе «Другі пол» – не проста філасофскі і літаратурны кур’ёз, гэты твор, па словах К. Мантэй: «калі загучыць па-беларуску, усё адно шакуе многія кансерватыўныя сілы ў краіне і дапаможа многім кабетам смялей паглядзець на свет».