Фэст “Мост”: маленькі крок для чалавецтва, але вялікі для Беларусі
“Толькі міліцыі зашмат і піва даражэй, чым на еўрапейскіх фэстах”, — кажуць наведвальнікі пра "Мост", дзе выступаюць Kasabian, Guano Apes і Ленинград.

Беларускі фестываль “Мост”, які грыміць падчас афіцыйнага Дня Незалежнасці на аэрадроме “Баравая” пад Мінскам — гэта не проста вам оўпэн-эйр. Гэта, па словах арганізатараў, спроба выйсці на міжнародны ўзровень арганізацыі фестываляў, каб і зоркі вялікія да нас прыязджалі, і фэст загучаў на ўсе ваколіцы, і на яго пацягнуліся музычныя паломнікі з-за мяжы.
“Ведаеце, калі б гэты фэст праходзіў у Падмаскоўі ці Бранску, я б на яго не паехаў, — адразу расчароўвае наведвальнік Пётр. — А так, я знайшоў танныя квіткі. І жыву тут пад бокам, ва Уруччы”.

Для многіх фестываль “Мост” аказваецца проста канцэртам любімых з дзяцінства гуртоў пад адкрытым небам. У лайн-апе бэнды з “нулявых”: заходніяKasabian, Guano Apes, усходнія “Ленинград”.

Але ж галоўная фішка выбітных фестываляў — знаёмства публікі з новымі трэндамі ў музыцы, не?
“Гэта рынак! Прадаюць тое, што набываюць, — не мае прэтэнзіяў да арганізатараў наведвальнік Кірыл. — Усе ведаюць Guano Apes, Kasabian, калі б арганізатары знаёмілі з сучаснай музыкай, ніхто б на яе не прыйшоў, бо беларуская публіка нічога не ведае пра яе”.

Лайн-ап крыху разбаўляецца і беларускімі гуртамі: “Лепрыконсы”, “Дай Дарогу!”, Akute, Sounduk. Добра, што нашым даюць выступіць з сусветнымі зоркамі. Але беларускіх артыстаў гэта асабліва не кранае. Ва ўсялякім разе, не панкаў:
“Ох, зоркі-зоркі! Яны планету рвуць, а мы толькі падполлі. І вось нас звёў лёс, мы ў адной грымёрцы, шчасце-та якое! — жартуе вакаліст “Дай Дарогу!” Юрый Стыльскі. — Зразумела, крута, што ёсць на каго раўняцца. Мы ж яшчэ “нулёўка”, у першым класе. Але падрасцём — будзем файчыць іх усіх і выганяць з грымёрак!”

Замежныя хэдлайнеры вядуць сябе прадказальна. Пра Беларусь нічога не ведаюць (бо шмат хто ўпершыню тут), здзіўляюцца верталётам і шчаслівым людзям на вуліцах, праграму складаюць з усіх хітоў, дадаюць і крыху новага.
“Мы 4 новыя песні сыграем, якія выйшлі 3 тыдні таму. Так хвалюемся іх граць, на саўндчэку столькі лаж было!” — распавядае Еўрарадыё бубначДэніс Пашвата (Dennis Poschwatta) з Guano Apes.

“А мы ўсё сыграем, што паспеем”, — кажа на прэс-канферэнцыі прыгажунCерджыа Піцорна (Sergio Pizzorno) з Kasabian. — І калі вам спадабаецца, прыедзем да вас яшчэ раз”.


А вось яшчэ адзін хэдлайнер, брытанец Джон Ньюман (Jonh Newman)маралізуе са сцэны, калі публіка глядзіць у неба на вайсковыя самалёты, якія лятуць з параду:
“Такое адчуванне, што вам гэтыя самалёты больш падабаюцца, чым мая музыка”.

Але адыдзем ад галоўнай сцэны. Фестываль — гэта таксама розныя актыўныя пляцоўкі, дзе людзі могуць рабіць усё, да чаго не даходзяць рукі-ногі ў будні: падпісаць петыцыю Міжнароднай Амністыі, набыць крэатыўнага хэнд-мэйду, паесці незвычайнай ежы, ажаніцца — чаго толькі не выдумляюць фэсты па ўсім свеце.

На “Мосце” з неканцэртных забаваў усё ж самае хадавое — з’есці сасіску ў цесце ды выпіць піва. Апошняе, натуральна, вялікая заслуга арганізатараў, бо ў Беларусі продаж піва забаронены на масавых мерапрыемствах.

Ці ўдалося беларускаму фестывалю “Мост” дасягнуць сваіх мэт і задаволіць вас, наведвальнікаў?
“Гэта маленькі крок для чалавецтва, але вялікі для Беларусі,” —аптымістычна кажа хлопец Пётр і ідзе скакаць пад любімых Kasabian. Да гэтага ён слухаў іх толькі ў навушніках!
