Шаблі: Поўныя лёгкія волі

Удыхнуць волі! На легендарным хутары Шаблі, што ў Валожынскім раёне, грыміць ужо сёмы з ліку фестываль новага этна «Вольнае паветра».



w499_h332_q75.jpg

 Сёлета ўпершыню фэст ладзяць на Купалле — з традыцыйнага канца жніўня на сярэдзіну лета дзейства перанеслі праз змену клімату.
 

5.07.2014: Поўныя лёгкія волі


НАВЕДНІКІ ШАБЛЁЎ:


«Мне падабаецца, што тут вольная атмасфера, што тут добрыя людзі збіраюцца, культурныя, адукаваныя, любяць Беларусь. Я таксама люблю Беларусь».


«З дзецьмі тут шмат чаго можна паглядзець, шмат чым заняцца. Ну і канцэрт паглядзець прыехаў. І сабе, і дзецям».


Змянілася сёлета і прастора – цяпер фестываль гэта не толькі сядзіба ды траўнік пад сцэнаю, але і маляўнічая даліна ракі Буянкі, дзе пасля сцэнічнай часткі будуць ладзіць містычнае Купалле. Упершыню на фэсце прайшлі выязныя заняткі курсаў «Мова ці кава».


АЛЕСЬ ЗАЛЕЎСКІ, ВЯДОЎЦА, «МОВА ЦІ КАВА»:


«У нашай краіне размаўляць па-беларуску – гэта пачуваць сябе свабодным. Мець упэўненасць у сваёй рацыі, у сваім праве на гэта. Таму «Мова ці кава» і гэты фестываль неразрыўныя. Чым больш людзей будуць размаўляць па-беларуску – тым больш будзе вольнага паветра».
 

Аддаленасць ад аўтастрадаў і чыгунак не стала перашкодаю і для нашых суседзяў, а таму на фэсце чуваць і ўкраінскую мову.


НАВЕДНІЦЫ З КІЕВА:


«Цяпер наагул з фестывалямі ў нас напружана, зразумела, праз якія падзеі ў краіне. Большасць фестываляў паадмянялі. Тыя, што ў Крыме, на поўдні, пераязджаюць наагул у іншыя месцы».


Музычная канцэпцыя «Вольнага паветра» сёлета – набліжэнне да аўтэнтыкі. Між выступоўцаў – гурты «Vuraj», «Стары Ольса», «Pafnutiy’s Dreams» і, безумоўна, этна-трыа «Троіца».


Упершыню «Вольнае паветра» прайшло ў 2006 годзе на беразе ракі Бобр у Крупках. Пазней фэст пераняў дырэктар канцэртавага агенцтва «Шаблі» і ўладальнік аднайменнага хутару Уладзімір Шаблінскі. Для тых жа, хто не паспеў у Шаблі сёння, ёсць добрая навіна – на пачатку жніўня тут пройдзе міжнародны фестываль «Дружба».

belsat.eu