Як становяцца Свіслаччу
Пачуццё горада выбягае з таго, як ты ўваходзіш. Пяцьсот гадоў таму асноўнымі магістралямі чалавецтва былі рэкі: чым глыбей і шырэй — тым больш трафіку і тым круцейшы мегаполіс мог нарасці на прыбытках ад гандлю.
У Мінск сёння можна прыляцець на самалёце, прыехаць на ровары ці прыкаціцца на аўто. Але што такое Мінск, калі прыбыць у яго шляхам вады? Чым ёсць асноўная водная магістраль, што цягнецца праз цэнтр, уздоўж Пераможцаў, Зыбіцкай, Перамогі, Горкага? Скуль бярэцца Свіслач і якія стадыі праходзіць да таго як апаясаць сталіцу?
Калі галоўны рэдактар часопіса «Большой» Зміцер Навіцкі прапанаваў далучыцца да міні-экспедыцыі, якая кіравалася да свіслацкай плыні, я ў захапленні пагадзіўся. І нездарма: пра горад і яго карму я зразумеў болей, чым адчуваў пасля доўгіх бадзянняў па вуліцах. Калі каротка: на чоўне ў Мінск – ніяк, бо вадзічку чакаюць шматлікія прыгоды, размеркаванні, перакрыцці, пераліванні ды змена прававога і адміністрацыйнага статусу. І на кожнай стадыі цябе сустрэне строгі вахцёр, які скажа, што далей ісці нельга – ні каля вады, ні нават па вадзе, хай ты нават Ісус Хрыстос. І пасля кароткай размовы прадказальна прапусціць.
Гномы былі не ў гуморы
Як і большасць жыхароў нашага горада, я быў упэўнены, што Свіслач пачынаецца недзе далёка-далёка, у чароўным краі скал і вечназялёных беларускіх лясоў, дзе гном дакрануўся сваёй кіркай да вялікага гранітнага ўцёса, і з таго заструменіў вясёлкавы ручай, уздоўж якога лётаюць феі і скубуць канюшыну бялявыя аднарогі.
Гэта не так, паважаныя таварышы.
Месца нараджэння Свіслачы – звычайнае садовае таварыства кіламетрах за дваццаць ад Заслаўя. Тут, на перакрыжаванні чужых платоў, побач з ямінай для перагною, знаходзіцца лужына, за ёй – яшчэ адна. Можа быць, гном і быў, але ў момант высякання струмянёў той лужыны кіркай быў яўна не гуморы і, магчыма, з бадуна. Аднарогі ёсць, але яны чамусьці болей падобныя да коз. Крыху далей, у лясочку, схавана некалькі прыгожых азёраў з чорнай вадзіцай. Яны таксама – Свіслач, бо сілкуюцца крыніцамі, што нарэшце, праз які кіламетр камарыных гушчароў, афармляюцца ў нешта кшталту рэчышча. Свіслач тут можна пераскочыць. Скок – на левым беразе, скок – на правым. Абутак увесь у суглінку, але чым не заплаціш за ілюзію ўласнай усёмагутнасці!
Хуценька рачулка ўпіраецца ў насып Другой кальцавой дарогі. Тут нашае-воднае-ўсё засоўваюць у звычайную трубу і не цырымонячыся праводзяць пад палатном. За кальцавой – выстава дасягненняў народнай гаспадаркі ў галіне будавання прыватных дамоў: ёсць дамы з брусу, пена-блокаў, у рознай ступені недабудаванасці. Людзі жывуць на ўзбярэжжы Свіслачы і нават не падазраюць аб тым, бо Свіслач тут губляецца ў зарасцях чароту і больш падобная на дрэнажны канал кальцавой.
Першая кроў
Пачэсным чальцом нашай экспедыцыі быў сабака хаскі Аса. Першыя дзве гадзіны паходу Аса рабіла па тры кіламетры на кожны наш кіламетр, гойсала туды-сюды з жвавасцю збеглага з хлява парсючка ды пужала аднарогаў. Прыкладна да таго моманту, як мы дайшлі да каналу Вілейскай воднай сістэмы, батарэйка ў Асы пачала садзіцца: яна пачала не бегаць, а хадзіць, а на яе пысе з’явіўся такі выраз, быццам яна паглядзела на ўнутраны GPS, зразумела, што да Мінска – 40 км і адмарожанасці чальцоў гэтай экспедыцыі хопіць на тое, каб вымусіць беднае сабачанё прайсці тыя 40 км пешкам.
Тое, што Свіслач не прыходзіць у Мінск сама, было навіной для мяне. Аказваецца, каб забяспечыць сталіцу былой БССР пітной вадой, з Вілейскага вадасховішча былі пракапаныя каналы. Але паколькі Вілейка знаходзіцца ніжэй за Мінск, на шляху тых каналаў былі выбудаваныя насосныя станцыі. Ля адной з іх Свіслач і ўліваецца ў гэты ірыгацыйны расклад. Прычым, паколькі адбываецца гэта за плотам з шыльдачкай, што праход забаронены, а тэрыторыя абараняецца злым сабакам, нашай экспедыцыі давялося пайсці на рызыку для жыцця. Мы абмінулі плот, дзякуй Богу, гномы сваімі кіркамі набілі ўсюды дзірак для людзей.
Трэба сказаць, што ахова нас прыняла адразу ля таго плота. Але пабачыўшы нашага абаяльнага хаскі, дазволіла прайсціся самому сабачку і сябрам сабачкі па тэрыторыі. Нам нават праз вокны паказалі насосы – вось настолькі хапіла Асінага абаяння. Уліццё Свіслачы ў Вілейскі канал выглядала празаічна. У цэлым мы не раім усім, хто ідзе шляхам вады, прарывацца да насоснай станцыі – можна адгрэбці траблаў з выклікам міліцыі, а відовішча таго не вартае.
Пасля памповачнай берагі канала рэзка зрабіліся непралазнымі. І дагэтуль было шмат хмызняку, але тут хмызняк змяніўся калючым дзядоўнікам у рост чалавека, крапівой ды баршчавіком, прычым з кожным кіламетрам бяскрыўднага жоўценькага сумніку рабілася ўсё меней, а крапівы, баршчавіка і дзядоўніка болела. Кожны крок стаў патрабаваць высілкаў, рассоўваць крапіву аголенымі рукамі – тая яшчэ асалода. Сабака спачатку бег побач, потым ссунуўся за нас, і напрыканцы прыліп да апошняга ў чарзе, каб рушыць торнай сцежкай.
«Нам зараз прыйдзе гамзда», – сказаў той, хто ішоў першы і бачыў больш. Мы паспрабавалі збочыць направа і ўперліся ў паўнюткі ірыгацыйны канал, што сцэджваў вільгаць з тарфянікаў. Зрабі крок туды – захлынешся ў багне. Давялося вярнуцца ў зарасці. Яшчэ якіх сто метраў, і мы, падрапаныя, апечаныя крапівой, вырашылі штурмаваць Вілейскую водную сістэму і, па магчымасці, рушыць проста па вадзе. Там хаця б няма крапівы. Я паглядзеў на воблака камароў, якое суправаджала нашую гаротную экспедыцыю, і вырашыў не здымаць джынсаў, толькі закасаць іх да кален: вадзічка праз калючкі дзядоўніка выглядала неглыбокай. Я сцягнуў абутак і адразу ж надзейна, на палову сантыметра, увагнаў у ступню завостраны корань. «Гамзда» сапраўды не змусіла на сябе чакаць. Па Свіслачы заструменіла першая кроў.
Пры спробе ўвайсці ў рэчышча мы праваліліся па калена – хада была забалочаная. Джынсы мне давялося здымаць проста пасярод ракі, дзякуй Богу, тэлефон з кішэні не выскачыў. Сабака глядзеў на нашыя эвалюцыі з выразам разгубленасці на пысе: ягоная ўпэўненасць у тым, што чалавек – істота разумная, заўважна раставала. Праз сто метраў рака пачала прадказальна глыбець. Метраў дзвесце мы ішлі па грудкі, трымаючы майно над галовамі. Аса збегла ад нас у чарот на іншым беразе і на покліч не адгукалася – хутчэй за ўсё, накіравалася шукаць іншых, разумнейшых, гаспадароў. Нарэшце мы пабачылі слуп. Дзе слуп, там мусіць быць і дарога: мы прадраліся праз зарасці і, брудныя, як амерыканскія салдаты ў В’етнаме, выкараскаліся на сушу.
Парушальнікі спакою весляроў
Трэба быць Гамерам, каб апісаць тое, як мы выглядалі і як адчувалі сябе, калі дацягнуліся да Заслаўя. Вечарэла. Джынсы і цішоткі на нас амаль высахлі, але выразныя сляды ціны ды водарасцяў засталіся. У заслаўскім рэстаране нам прадалі супу. Глядзелі яны на нас бы тая ахова на насоснай станцыі. Адпачыўшы дзесяць хвілін, мы млявай хадою зомбі рушылі ўздоўж ракі да Ганалеса. Тут нас сустрэў яшчэ адзін КПП са строгім папярэджаннем, што праход, праезд, пралёт, праскок ды праплыў закрытыя.
Аказваецца, узбярэжжа вяслярнага канала абараняецца ад грамадзян. Каб веслярам камфортней вяслярылася, райвыканкам закрыў пешы рух паміж Заслаўем і Ганалесам уздоўж вадзічкі. Нам прапанавалі вярнуцца на Маладзечанскую трасу і збочыць з яе на афіцыйную дарогу (дадатковыя 5 км). Але зноўку ўключылася абаянне Асы: сэрца вахцёрцы растала пры поглядзе на замардаванага сабачку. Нас прапусцілі на тэрыторыю, і праз дзірку ў агароджы мы выйшлі да вёскі, у імя якой некалі называлася Мінскае мора. Тут мы пабачылі чаек – сведчанне чарговага змянення статусу ракі, што плыве на Мінск.
Тут вілейская водная сістэма робіцца вяслярным каналам, які ўтыкаецца ў абшар Мінскага мора. Вадзічка Заслаўскага вадасховішча мае хімічны колер «Фанты». Пены тут столькі, што можна было б зляпіць з яе цэлую планету і назваць яе Салярыс. Нехта сапраўды тут купаецца?
Мы вырашылі спыніць нашую вандроўку ў прыбярэжнай вёсцы Лапаравічы, дзе нас чакаў адпачынак у гасцінных сяброў. Дзеля гэтага давялося прайсці праз яшчэ адзін шлагбаум і мець яшчэ адно тлумачэнне з яшчэ адным ахоўнікам спакою весляроў. Чэснае слова, я не разумею, нашто весляроў бараніць так пільна: праз іх камфорт цалкам перапыненая пешая камунікацыя трох населеных пунктаў: Заслаўе, Ганалес, Лапаравічы.
Але Беларусь – спартовая краіна, то не будзем наракаць.
Патрэскваў касцёр. На гарызонце ружовай мрояй паўставалі высоткі Каменнай горкі. Яны адбіваліся ў расквечаным чароўным захадам марскім люстры. Недзе там, сярод мільёнаў тон вады, біў струменьчык патаемнай Свіслачы. Мы канчаткова згубілі яе, але сустрэнем зноўку заўтра, у гарадскім цэнтры, дзе яна зноўку зробіцца сабой.
Пяць высноў з перажытага і пабачанага:
1. Ніколі не звяртайцеся да вахцёраў па-беларуску – гэта імгненна напружвае сітуацыю. З астатнімі людзьмі можна вольна гаварыць на роднай мове.
2. Здымайце джынсы да ўваходу ў ваду, а не пасля яго.
3. Ступня значна лепей зарастае, калі не надзяваць на яе мокрыя шкарпэткі і не ісці пасля гэтага 30 кіламетраў у вільготным абутку.
4. Вада, якую п’юць мінчане, трапляе ў сталіцу па сістэме, спраектаванай яшчэ ў сталінскія часы. Нехта сказаў «дэсаветызацыя»?
5. Кармічная штучнасць Мінска можа тлумачыцца яшчэ і тым, што рака, на якой ён стаіць, пачынаецца з лужынак, робіцца вадатранспартным каналам з насоснымі станцыямі, пераўтвараецца ў вяслярную магістраль, Мінскае мора, Камсамольскае возера – і пры гэтым працягвае называцца Свіслаччу. Што вы хочаце ад горада, які стаіць на Свіслачы?
Віктар Марціновіч, budzma.by
Фота: Зміцер Навіцкі