Бразільскі карнавал на Кастрычніцкай
У мінулую суботу на Кастрычніцкай вуліцы ў Мінску адбыўся бразільскі фестываль. На час свята ўся вуліца стала пешаходнай, працавалі маркеты і фуд-корты, гучала жывая музыка.
Увесь верасень фестываль Vulica Brasil праводзіў розныя івэнты і маляваў на сценах. Прадставіў урбаністычна-экалагічны праект рэканструкцыі Кастрычніцкай. А мурал мастака Ramonа Martinsа, па словах арганізатараў, увойдзе ў кнігу рэкордаў Гінэса як самы вялізны. Каб падвесці вынікі, паказаць людзям, што атрымалася, ды й проста павесяліцца, Vulica Brasil зладзіла вялікую імпрэзу.
Нягледзячы на шэрае надвор'е, людзі змаглі трапіць у свет капаэйры, гучных барабанаў і самбы. Арганізатары паспрабавалі паўтарыць атмасферу знакамітых бразільскіх карнавалаў: па ўсёй вуліцы парадам прайшоў перкусійны ансамбль батукады, які складалі музыкі з Беларусі ды Расіі, а вакол яго танчылі дзяўчыны ў яркіх гарнітурах.
— Асноўнай складанасцю ў арганізацыі батукады было тое, што мы працавалі на адлегласці, — кажа Кастусь, адзін з удзельнікаў батукады. — Трэба было падрыхтаваць і вывучыць сумесныя партыі ды рухі, знаходзячыся ў розных краінах.
Фестываль Vulica Brasil арганізаваны Пасольствам Бразіліі пры падтрымцы «Белавія».